Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які сэнс для Беларусі мае абмежаваньне імпарту акіянічнай рыбы?


Юлія Шарова, Менск Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта вызначыла квоты на імпарты акіянічнай рыбы й морапрадуктаў на наступны год. Гэтыя квоты выйгралі 72 кампаніі, прычым сёлета памер квотаў зьнізіўся па ўсіх пазыцыях. Зроблена гэта ў адпаведнасьці з аналізам унутранай патрэбы рынка, паведамляюць у Кіраўніцтве справамі.

Ці значыць зьніжэньне квотаў на імпарт рыбы тое, што ў Беларусі яе сталі меней спажываць? Раней экспэрты называлі рыбу й морапрадукты пэрспэктыўным таварам, спажываньне якога ў нашай краіне мусіць паступова расьці.

Напрыклад, на наступны год квота на імпарт марожанай і жывой рыбы складае 170 тысяч тонаў, сушанай, салёнай рыбы й рыбы гарачага й халоднага вэнджаньня – 1,3 тысячы тонаў, ракападобных і малюскаў – 1,8 тысячы тонаў. Як адзначаюць у Кіраўніцтве справамі, гэта ніжэй, чым сёлетнія квоты. Пры гэтым колькасьць суб’ектаў гаспадараньня, што квоты выйгралі – у паўтары разы большая.

Начальнік эканамічнага аддзелу прадпрыемства “Санта Брэмар” Іван Гінёў у інтэрвію Свабодзе патлумачыў, што насамрэч зьніжэньне квотаў было хіба адносным, тэндэнцыі да зьмяншэньня попыту на гэтыя прадукты ў краіне не заўважаецца.

(Гінёў: ) “Летась кватаваньне імпарту рыбы адбывалася ўпершыню. Таму натуральна, што калі гэтыя квоты фармаваліся, недзе на канца не адсачылі сытуацыю, недзе няправільна прысвоілі коды ТНВД, недзе ня ведалі рэальную сытуацыю. Таму, канечне, квоты на наступны год сапраўды зьмяніліся”.

Што да павелічэньня ўдзельнікаў рыбнага рынку, то яно таксама адноснае, лічыць спадар Гінёў. Зь ягоных словаў, шматлікія дробныя фірмы ды індывідуальныя прадпрымальнікі папросту ў першы год не асвоіліся з новым парадкам і не пасьпелі сабраць патрэбныя дакумэнты, таму сёлета ўладальнікаў квотаў было меней. Цяпер тыя, хто працаваў у гэтым бізнэсе й раней, папросту зарыентаваліся ў новай сытуацыі й вярнуліся на рынак.

Наагул жа прадстаўнік кампаніі “Санта Брэмар” ня лічыць, што з увядзеньнем сыстэмы квотаў працаваць на гэтым рынку стала складаней.

Эканаміст Леанід Злотнікаў наадварот заяўляе, што ня справа чыноўнікаў вырашаць, колькі рыбы можна ўвозіць у краіну.

(Злотнікаў: ) “Я разумею, калі абмежаваная колькасьць рыбы, якую можна вылавіць у моры. Эўразьвяз дае квоты на вылаў траскі й селядцоў – гэта зразумела, гэта берагуць прыродныя рэсурсы. Але я зусім не разумею, як так чыноўнік недзе вырашыў, што мне гэтую рыбку есьці ды ў такой колькасьці? Мы павінны самі вызначаць сваім рублём, колькі мы зьямо й колькі мы купім”.

На думку эканаміста, кватаваньне можна ўводзіць толькі з мэтай абараніць свайго вытворца, а паколькі Беларусь сама не вядзе адлоў акіянічнай рыбы, то абмежаваньне яе імпарту сэнсу ня мае.

Кватаваньне імпарту акіянічнай рыбы і морапрадуктаў Кіраўніцтва справамі ўвяло ў Беларусі ўвесну 2003 году. Акрамя гэтага, сёлета ўведзена кватаваньне на імпарт усёй рыбы наагул.
XS
SM
MD
LG