Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адкрываецца выстава мастацкіх працаў навучэнак беларускага ліцэю


Севярын Квяткоўскі, Менск Мастацкая выстава навучэнцаў зачыненага ўладамі Гуманітарна-адукацыйнага ліцэю распачнецца сёньня ў Менску ў сядзібе партыі БНФ. Выстава працягне працу да 21 лістапада. Сёньня на адкрыцьцё запрошаны шэраг вядомых асобаў беларускай культуры.

Уласна мастацкую экспазыцыю складаюць творы ліцэістак Аўгіньні Чайкінай, Хрысьціны Сіўчыкавай, Насты Варачаевай ды выпускніцы навучальнай ўстановы Каці Пуставалавай. Тыя, хто прыйдуць на адкрыцьцё, змогуць пачуць музычны выступ ліцэістаў. Тлумачыць адзін з арганізатараў імпрэзы Франак Вячорка:

(Франак Вячорка: ) “У ліцэі больш за два гады існуе мастацкая студыя складзеная з актораў, з гуртку жывапісу, а таксама музычнага гуртку. Напрыклад, музыкі выяўляюць сябе на ліцэйскіх дысках: запісваем, даем канцэрты, якія забараняюць. Акторы ўжо паставілі “Паўлінку”, ставім “Рамэа і Джульету”... Паставім некаторыя п’есы сучасных беларускіх драматургаў”.

Варта нагадаць, што шлях творчасьці ліцэістаў да публікі досыць пакручасты. Толькі сёлета двойчы зрываліся выступы маладых музыкаў. 14 траўня ў клюбе “Рэактар” і 27 жніўня ў клюбе “Бліндаж” мелася быць прэзэнтацыя дыску “Веру ў цябе. Я люблю Ліцэй”. У першым выпадку адміністрацыя спаслалася на пазаплянавую фінансавую праверку, а ў другім – адмовіла без тлумачэньняў. Урэшце, ліцэісты месяц таму выступілі перад беларусамі, якія жывуць у Польшчы.

Тэатральная творчасьць юнакоў пачалася ў 2000 годзе з пастаноўкі “Народнага Альбому”. З уласнай вэрсіяй першага беларускага мюзікла ліцэісты выступалі ў гарадах Беларусі і Польшчы. Што да сёньняшняй імпрэзы, мастацкая выстава ладзіцца ўпершыню. Юнакі да яе рыхтаваліся цэлы год. Адкрыцьцё заплянаванае на сямнаццатую гадзіну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG