Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нямецкія сацыял-дэмакраты пратэстуюць супраць адмовы пусьціць у Беларусь Гельмута Курта


Ул. інф. Нямецкія сацыял-дэмакраты выказваюць пратэст ў зьвязку з дзеяньнямі афіцыйнага Менску ў дачыненьні да Гельмута Курта –аднаго зь кіраўнікоў фонду Фрыдрыха Эбэрта. Адпаведную заяву ад імя кіроўнай сацыял-дэмакратычнай фракцыі Бундэстагу зрабіла Ута Цапф. Паводле спадарыні Цапф, адмова ва ўезьдзе ў Беларусь Гельмуту Курту, кіраўніку рэгіянальнага бюро фонду Эбэрта, надзвычай абцяжарвае далейшае супрацоўніцтва паміж Нямеччынай і Беларусьсю.

Гельмут Курт, які меў беларускую візу, але пры гэтым, аднак, ня змог трапіць у Менск для ўдзелу ў міжнародным форуме фонду Фрыдрыха Эбэрта, так і не атрымаў ад беларускіх уладаў адпаведных тлумачэньняў. Ён быў проста названы непажаданай пэрсонай і мусіў правесьці ўсю ноч у менскім аэрапорце, каб на наступны дзень адляцець у Кіеў, гаворыцца ў заяве.

Як вынікае з дакумэнту, такое абыходжаньне з прадстаўніком нямецкага палітычнага фонду – абсалютна непрымальнае. Беларускае кіраўніцтва мусіць даць тэрміновае тлумачэньне, чаму спадару Курту не дазволілі ўехаць у краіну.

Падкрэсьліваецца, што праз два тыдні пасьля правядзеньня ў Беларусі недэмакратычных парлямэнцкіх выбараў палітычны дыялёг з афіцыйным Менскам яшчэ больш ускладніўся. Нямецкія сацыял-дэмакраты, аднак, выказваюць надзею, што падобны рэгрэс у нямецка-беларускіх дачыненьнях усё ж ня ёсьць жаданай мэтай менскага кіраўніцтва.
XS
SM
MD
LG