Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Фалюджы загінулі 42 паўстанцы


БАГДАД. Амэрыканскія ды ірацкія войскі сёньня ўначы працягвалі апэрацыю ў горадзе паўстанцаў Фалюджа. Удзел у апэрацыі бяруць блізу 15 тысячаў амэрыканскіх жаўнераў і некалькі сотняў ірацкіх вайскоўцаў пры падтрымцы авіяцыі ды цяжкай тэхнікі. Прадстаўнік амэрыканскіх войскаў сказаў, што ў сутыкненьнях загінулі 42 паўстанцы. Прэм’ер-міністар пераходнага ўраду Іраку Іяд Аляўі паведаміў, што ён даў дазвол на правядзеньне апэрацыі, каб вычысьціць горад ад тэрарыстаў. Камандуючы амэрыканскімі войскамі ў Іраку генэрал Джордж Кэйсі сказаў, што асноўныя дзеяньні пройдуць у Фалюджы, а таксама выказаў меркаваньне, што змаганьне працягнецца некалькі днёў. Міністар абароны Злучаных Штатаў Дональд Рамсфэльд адзначыў, што апэрацыі ў Фалюджы нельга было пазьбегнуць. Горад пакінулі болей за 300 тысячаў жыхароў. Паводле амэрыканскага камандаваньня ў Фалюджы знаходзяцца болей за 3 тысячы паўстанцаў, шмат хто зь іх мае дачыненьне да групоўкі пад кіраўніцтвам ярданца Абу Мусабы Аз-Заркаўі. Аз-Заркаўі ў сваім інтэрнэт-звароце заклікаў мусульманаў змагацца з амэрыканцамі. Ён не ўзгадаў сытуацыю ў Фалюджы. Тым часам адзін брытанскі жаўнер загінуў і двое былі параненыя у выніку бомбавага замаху ў цэнтры Іраку. Тры чалавекі сталі ахвярамі моцнага выбуху, што адбыўся побач са шпіталём у цэнтры Багдаду.
XS
SM
MD
LG