Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Іраку абвешчанае надзвычайнае становішча


Сьвятлана Курс, Прага Прэм’ер-міністар Іраку Іяд Аляўі абвесьціў аб увядзеньні надзвычайнага становішча ў Іраку ў сувязі зь дзеяньнямі ў Фалюджы і падрыхтоўкай да студзеньскіх агульных выбараў у Іраку. Ці здольнае надзвычайнае становішча паслужыць добрай глебай для выбараў?

Прэм’ер-міністр Іраку Іяд Аляўі абвясьціў надзвычайнае становішча і ўвядзеньне ваеннага права у раёнах, якія пагражаюць нацыянальнай бясьпецы.

Гэтая мера прыпала якраз перад пачаткам наземнай апэрацыі войскаў ЗША супраць паўстанцаў у Фалюджы і першым раундам нацыянальных выбараў.

Надзвычайнае становішча працягнецца 60 дзён і скончыцца акурат перад выбарамі. Яно не датычыць толькі мірных курдзкіх рэгіёнаў на поўначы краіны і ўключае ў сябе камэнданцкую гадзіну, абмежаваньне свабоды перасоўваньня і сходаў, а таксама права абыходу дамоў і затрыманьне асобах, падазраваных у парушэньні нацыянальнай бясьпекі.

Камэнданцкі час уводзіцца у раёнах прылеглых да Фалюджы і Рамадзі, будзе на 48 гадзінаў закрыты міжнародны аэрапорт у Багдадзе.

Мустафа Аляні з Цэнтру дасьледаваньняў краінаў Пэрсыдзкай затокі ў Дубаі, камэнтуе рашэньне ўраду Іраку.

(Аляні: ) “Выбар часу для абвяшчэньня надзвычайнага становішча, па сутнасьці, легітымізуе апэрацыю супраць Фалюджы. Гэтая апэрацыя станецца часткаю надзвычайнага становішча. І гэта будзе легальным прыкрыцьцём для ірацкіх вайскоўцаў, якія ўвойдуць у Фалюджу. Яны адчуваюць патрэбу ў гэтым, бо ведаюць, што фалюджыйскія баі будуць нялёгкія, зь вялікімі стратамі, яны стануць аб’ектам для жорсткай крытыкі. І гэта адна з прычын для такога роду прыкрыцьця”.

Папярэдняя ваенная апэрацыя ЗША супраць паўстанцаў у Фалюджы у красавіку сутыкнулася з пратэстамі іракцаў і была прыпыненая пасьля паведамленьняў аб сотнях ахвяраў сярод мірнага насельніцтва. Аляні лічыць, што абвяшчэньне надзвычайнага стану ня дасьць чаканага эфэкту ў паляпшэньні сытуацыі. Ён гаворыць, што ўзброеныя сілы ЗША й Іраку ужо маюць досьвед прымяненьня ваеннага права.

(Аляні: ) “Фактычна надзвычайнае становішча ужо існуе апошнія некалькі месяцаў. Улада, якую надалі паліцыі, разам з адвольнымі арыштамі, без рэальнага разгляду ў судох, без легальных працэдураў – гэта і ёсьць надзвычайнае становішча”.

Экспэрты гавораць, што ўвядзеньне надзвычайнага становішча – гэта яшчэ і пасыл да раёнаў, дзе працягваецца супраціўленьне, выражэньне намеру ураду Аляўі тужэй закруціць шрубы.

Махмуд Асман, незалежны курдзкі аналітык, былы сябра Ірацкага ўрадавага савету, сказаў, што у красавіку сунітаў і шыітаў аб’яднала варожасьць супраць ваенных дзеяньняў ЗША ў Фалюджы. Цяпер жа прыхільнікі шыіцкага сьвятара Муктады ас-Садра праявілі цікавасьць да будучых выбараў.

(Асман: ) “Гэта складаны час, бо шыіты зьбіраюцца ісьці на будучыя выбары. Яны маюць да гэтага імпэт, і ўсе людзі ас-Садра уключаныя, як я чуў, у сьпіс, які Вялікі Аятала Алі ас-Сыстані склаў ад шыітаў”.

Аднак аналітык думае, што увядзеньне надзвычайнага становішча ўскладніць правядзеньне свабодных і справядлівых выбараў у Іраку.

(Асман: ) “Урад Аляўі, я думаю, мяркуе, што гэта найлепшы спосаб падрыхтаваць выбары. Але я ня думаю, што ваеннае права добры грунт для выбараў. Ваеннае права стварае экстраардынарную сытуацыю, якая заўжды ускладняе выбары”.

Аналітыкі цьвердзяць, што надзвычайнае становішча выкліча абвінавачаньні ўраду Аляўі у тым, што правячая партыя абмяжоўвае сваім палітычным апанэнтам права на правядзеньне мітынгаў і заваяваньне галасоў выбарцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG