Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Rzeczpospolita”: Ваўкавыск– горад галадовак


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава “Ваўкавыск– горад галадовак” – такі загаловак мае артыкул у сёньняшнім нумары аўтарытэтнага польскага штодзёньніка “Rzeczpospolita”. Газэта таксама падрабязна знаёміць чытачоў зь некаторымі асобамі, што бяруць удзел у галадоўцы.

“Беларусы дагэтуль ня хочуць пагадзіцца са сфальсыфікаванымі вынікамі выбараў і рэфэрэндуму. У Менску спрабуюць пратэставаць на вуліцах, а ў Ваўкавыску адважыліся галадаць пяць чалавек”, – піша “Rzeczpospolita” ды распавядае пра рашэньне Міністэрства інфармацыі менавіта напярэдадні рэфэрэндуму прыпыніць выхад ваўкавыскай “Местной газеты”, з-за чаго і пачаў галадоўку яе рэдактар рэдактар Андрэй Шантаровіч.

Далей польскі штодзёньнік піша пра двухтыднёвую галадоўку былога дэпутата Міколы Аксаміта, які у выніку сваёй акцыі трапіў у шпіталь, а таксама пра галадоўку пэнсіянэркі Валянціны Салдатавай.

“Лепш памерці, чым далей пераносіць ману мясцовых чыноўнікаў”, – заявіла газэце спадарыня Салдатава.

“Між тым улады Ваўкавыску ігнаруюць акцыі пратэсту, што цягнуцца ў горадзе ўжо тры тыдні. Гэта прыватная справа галадоўнікаў, – заявіў нам намесьнік старшыні мясцовай вэртыкалі па ідэалёгіі Рычард Мулярчык, – а што тычыцца Шантаровіча, дык у нас ёсьць адна дзяржаўная газэта і больш нам ня трэба”, – цытуе словы ваўкавыскага чыноўніка аўтарытэтны польскі штодзёньнік “Rzeczpospolita”.
XS
SM
MD
LG