Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фанаты менскай футбольнай каманды “Дынама” размалявалі Віцебск свастыкамі


Браніслава Станкевіч, Віцебск За гэтым заняткам іх засьпелі міліцыянты зь Першамайскага РАУСу ды змусілі маладзёнаў ліквідаваць усе надпісы ды малюнкі.

Пасьля футбольнага матчу паміж менскім “Дынама” ды віцебскім “Лякаматывам”, які, дарэчы, скончыўся перамогаю гасьцей, некалькі дзясяткаў іхных фанатаў вырашылі пагуляць па вуліцах абласнога цэнтру.

Наступствы гэтага шпацыру неўзабаве заўважылі жыхары праспэкту Чарняхоўскага: тут амаль на кожным доме зьявіліся надпісы “Дынама — чэмпіён” ды чамусьці выявы свастыкі.

Хтосьці зь віцяблянаў, абураны паводзінамі маладых людзей, патэлефанаваў у міліцыю, і неўзабаве аматараў графіці спыніў міліцэйскі патруль. Але гэтым міліцыянтам давялося выклікаць на дапамогу дадатковыя сілы, бо некалькі дзясяткаў футбольных фанатаў былі настроены дужа агрэсіўна ды распачалі з ахоўнікамі правапарадку бойку.

У пастарунку госьці зь Менску паспакайнелі ды запэўнілі міліцыянтаў, што малявалі на сьценах свастыкі не з ідэйных меркаваньняў, а проста ад няма чаго рабіць.

У адказ міліцыянты прапанавалі ім альтэрнатыўны занятак: сьцерці малюнкі ды подпісы любымі сродкамі. “Мастакам” давялося скарыстаць дзеля гэтага ўласнае адзеньне. Пасьля таго, як усе графіці былі сьцёртыя, віцебскія міліцыянты пасадзілі гасьцей на першы ж цягнік у кірунку да Менску.
XS
SM
MD
LG