Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менская пракуратура разьбіраецца з публікацыямі ў расейскіх выданьнях, выклікала Ірыну Халіп па тлумачэньні


Любоў Лунёва, Менск Журналістку Ірыну Халіп выклікалі ў Менскую гарадзкую пракуратуру. Старшы памочнік пракурора Марына Папова патлумачыла Ірыне, што мусіць дапытаць яе з нагоды публікацыі артыкулу “Прагаласавалі мёртвыя душы” ў расейскай “Новай газете”. Ніякіх абвінавачаньняў журналістцы не прад’явілі.

Ірына Халіп паведаміла Радыё Свабода, што на стале ў сьледчай ляжаў ліст на імя пракурора Менску Мікалая Куліка ад намесьніка генэральнага пракурора Мікалая Купрыянава з патрабаваньнем разабрацца з журналісткай, з нагоды публікацыі “яе паклёпніцкіх выдумак”.

(Халіп: ) “Мне папросту здавалася, што я прачытала лекцыю для старшага памочніка пракурора па нагляду пракуратуры гораду Менску Марыны Паповай. У часе допыту я адказала на пытаньні, напрыклад: “Хто такая Ута Цапф?”, “Што такое “Пяцёрка плюс?”, “Што такое “Хартыя’97”?”, “Што такое “Новая газета?” Заўсёды прыемна, калі ты адкрываеш для чалавека нешта новае. Тым больш камічна гэта выглядала, бо “Новая газета” зарэгістраваная ў Расейскай Фэдэрацыі. Такім чынам, калі ў маёй публікацыі й былі нейкія ілжывыя факты, то з гэтым павінна разьбірацца, здаецца мне, пракуратура Расейскай Фэдэрацыі”.

Ірына Халіп лічыць, што гэтая справа ня будзе мець судовых наступстваў.
XS
SM
MD
LG