Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Альфа Радыё": мажлівасьці ставіць беларускамоўныя песьні абмежаваныя


Валянціна Аксак, Менск Сябры некалькіх менскіх незарэгістраваных моладзевых суполак працягваюць акцыю пад назовам “Штурм FM”, сэнс якое ў замове беларускамоўных песьняў падчас наўпроставых праграмаў — пра гэта 4 лістапада ў нашым эфіры гучала паведамленьне, на якое мы атрымалі нязгодны адказ ад супрацоўнікаў адной з FM-станцыяў — “Альфа Радыё”.

Супрацоўнікі “Альфа Радыё” нагадваюць, што яны з павагай ставяцца на нацыянальнай ідэі і зьяўляюцца адзінай камэрцыйнай станцыяй, якая выпускае навіны на беларускай мове. Разам з тым, яны выказваюць сваю нязгоду зь цьверджаньнем, што вядучыя наўпроставых канцэртаў нібыта адмоўна рэагуюць на беларускую мову тэлефанаваньняў. Гаворыць сыстэмны адміністратар Віктар Разін:

(Разін: ) “Што датычыць таго, што ды-джэй кідае слухаўку, калі чуе беларускамоўнае тэлефанаваньне, то я паразмаўляў з чалавекам, які вядзе праграмы па замовах, то ён такога выпадку ня памятае, ён наогул ня памятае, каб нехта тэлефанаваў і зьвяртаўся на беларускай мове”.

А вось што на гэта кажуць студэнткі Маша і Наста, якія на мінулым тыдні спрабавалі замовіць у наўпроставым эфіры “Альфа Радыё” беларускую песьню па-беларуску:

(Маша: ) “Калі я патэлефанавала, то першае, што спытаў ды-джэй, пачуўшы маю беларускую мову, было: што гэта за прыкол зь беларускай мовай? Ён мне распавёў, што беларускамоўныя песьні ставіцца ня будуць, бо ў плэйлісьце іх цяпер няма. І што чуць беларускую мову — гэта вельмі сьмешна. І што слухачы проста будуць сьмяяцца, таму ён не дапусьціць мяне ў эфір. Гэта было 1 лістапада, у панядзелак”.

(Наста: ) “Я тэлефанавала ў наўпроставы эфір “Альфа Радыё”, але ж на жаль, мяне туды не дапусьцілі. Ён казаў, што ён мяне пусьціць у эфір толькі калі я буду размаўляць на расейскай мове. Гэта было 2 і 5 лістапада”.

Дзяўчаты з прычыны мажлівага перасьледу адміністрацыі навучальных установаў не называюць сваіх прозьвішчаў. А вось Алесь Мазанік прадстаўляецца і ў нас, і на “Альфа Радыё”.

(Мазанік: ) “Я тэлефанаваў спачатку 1 лістапада. Я прадставіўся, сказаў, што хачу павіншаваць свайго сябра і замовіць для яго нейкую беларускамоўную песьню. Ды-джэй адразу сказаў: адну хвілінку, і паклаў слухаўку нават безь ніякіх сваіх выбачэньняў. Потым я тэлефанаваў 2-га. Хвіліну размаўляў з ды-джэем. Ён мне сказаў, што ў іх няма гэтых песьняў, а ёсьць канкрэтны сьпіс песьняў і я магу, калі жадаю, нейкую зь іх замовіць, і, зразумела, каб у эфіры я нічога не казаў наконт таго, што хачу беларускае”.

Алесь Мазанік гаворыць, што і ў наступныя дні ягоныя беларускамоўныя замовы беларускіх песьняў на “Альфа Радыё” былі безвыніковымі.

Мажлівасьці ставіць у эфіры беларускія песьні абмежаваныя з прычыны таго, што значная частка беларускіх выканаўцаў цяпер знаходзіцца пад афіцыйнай забаронай, нагадвае кіраўніцтва “Альфа Радыё”. Праграму вызначае таксама фармат станцыі. Гаворыць Віктар Разін:

(Разін: ) “Фармат дастаткова жорсткі, і ён абмежаваны, груба кажучы, пэўнай колькасьцю песьняў, пэўнымі жанрамі, за якія ды-джэй ня мае права выходзіць.Гэта значыць, што калі ў яго ў эфіры просяць нейкую рэч паставіць, а яна не адпавядае фармату, то ён мякка спрабуе прапанаваць нешта наўзамен”.

На маё пытаньне, ці будуць у далейшым карэктавацца плэйлісты наўпроставых праграмаў па замовах слухачоў, сыстэмны адміністратар “Альфа Радыё” Віктар Разін сказаў:

(Разін: ) “Ну, я думаю, што не, таму што ёсьць фармат, музычны фармат. І калі песьня не адпавядае гэтаму фармату, яна туды ня будзе дадавацца. Тым болей, у сувязі з такой сытуацыяй”.
XS
SM
MD
LG