Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволены прафэсар Юры Бандажэўскі накіраваны ў шпіталь


Алесь Дашчынскі, Менск Зьняволены прафэсар Юры Бандажэўскі накіраваны ў 1-ы клінічны шпіталь у Менску. У яго знайшлі гепатыт, лекары высьвятляюць паходжаньне вірусу. Лекары ў шпіталі цьвердзяць, што стан здароўя прафэсара здавальняючы,і пакуль адмаўляюцца паведамляць падрабязнасьці.

Жонка прафэсара Галіна Бандажэўская паведаміла:

(Бандажэўская: ) “Праблемы са страўнікам былі, цяпер гэта ўсё абвастрылася. Знайшлі ў яго хранічны гепатыт і цяпер удакладняюць прычыну гэтага гепатыту. Ідзе хранічны працэс печані”.

Галіна Бандажэўская не выключае, што заражэньне гепатытам магло адбыцца ў часе апэрацыі, якую раней перанёс зьняволены прафэсар.

(Бандажэўская: ) “Улічваючы тое, што ён у нас не алькаголік, ня п’е, не паліць, таму хутчэй за ўсё, што гэта вірусны гепатыт”.

Былы рэктар Гомельскага мэдычнага інстытуту Юры Бандажэўскі адбывае пакараньне ў Гезгалах Лідзкага раёну. Яшчэ цягам двух гадоў ён мусіць знаходзіцца тут на пасяленьні.

Увогуле, усясьветна вядомы вучоны адбывае пакараньне ва ўстановах пэнітэнцыярнай сыстэмы пяты год. На пасяленьні ў Гезгалах прафэсар працуе начным вартаўніком, ахоўвае склад. Калі спадару Бандажэўскаму стала дрэнна, адміністрацыя калёніі вырашыла накіраваць яго на лячэньне па месцы жыхарства сям’і, у Менск.

Нагадаем, прафэсара-патолягаанатама Юрыя Бандажэўскага зьвінавацілі ў хабарніцтве і асудзілі да пазбаўленьня волі. Вучоныя розных краінаў сьвету высока ацанілі працу прафэсара, які даказваў сувязь сьмяротных паталёгіяў з наступствамі чарнобыльскай катастрофы. З патрабаваньнем адпусьціць прафэсара на свабоду выступілі праваабарончыя арганізацыі. “Міжнародная амністыя” прызнала яго палітычным вязьнем. Юры Бандажэўскі зьяўляецца ганаровым грамадзянінам некалькіх францускіх гарадоў.

Гл. таксама эксклюзіўнае інтэрвію Юрыя Бандажэўскага Радыё Свабода: • Юры Бандажэўскі ў турме пісаў кнігі і слухаў Радыё Свабода (частка першая) • Юры Бандажэўскі ў турме пісаў кнігі і слухаў Радыё Свабода (частка другая)
XS
SM
MD
LG