Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20-ы дзень галадае рэдактар “Местной газеты”Андрэй Шантаровіч – стан яго здароўя значна пагоршыўся


Альгерд Невяроўскі, Менск На дваццаты дзень галадоўкі стан здароўя рэдактара незалежнай ваўкавыскай “Местной газеты” Андрэя Шантаровіча значна пагоршыўся. Мясцовыя й цэнтральныя ўлады, нягледзячы на пратэсты спадара Шантаровіча й ягоных калегаў, не зьвяртаюць на галадоўку ўвагі. Кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў накіравала Андрэю зварот з просьбай спыніць галадоўку.

8 лістапада пайшоў дваццаты дзень галадоўкі рэдактара ваўкавыскай “Местной газеты” Андрэя Шантаровіча. Ён патрабуе, каб Міністэрства інфармацыі аднавіла выхад прыпыненай на месяц газэты, а мясцовыя ўлады далі дазвол на афіцыйнае разьмяшчэньне тыднёвіка ў Ваўкавыску. Я зьвязаўся з Андрэем Шантаровічам і вось, што ён паведаміў пра стан свайго здароўя:

(Шантаровіч: ) “Значна пагоршыўся, адчуваю сябе ня вельмі добра. Кружыцца галава, ляжу больш, чым хаджу. Такая агульная слабасьць, і ўвогуле ня вельмі добра пачуваюся”.

Галоўны рэдактар “Местной газеты” гаворыць, што і міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч, і мясцовыя ўлады проста ігнаруюць усе яго пісьмовыя звароты.

Кіраўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў Эдуард Мельнікаў, Тацяна Мельнічук, Міхаіл Пастухоў і галоўны рэдактар газэты “Народная воля” Іосіф Сярэдзіч 8 лістапада спрабавалі сустрэцца зь міністрам інфармацыі Ўладзімерам Русакевічам.

Але сустрэча не адбылася. Памочнік міністра спадар Казлоў сказаў, што Ўладзімер Русакевіч заняты й ня можа іх прыняць. Міністэрства інфармацыі таксама не зьбіраецца даваць адказ на пісьмовы зварот БАЖ у справе галадоўкі Андрэя Шантаровіча.

Таму сёньня кіраўніцтва журналісцкай асацыяцыі накіравала рэдактару “Местной газеты” зварот з просьбаю спыніць галадаваньне. Гаворыць намесьнік старшыні БАЖ Эдуард Мельнікаў:

(Мельнікаў: ) “Мы зьвяртаемся да Андрэя… Ён патрэбны як прафэсійны журналіст, як чалавек, жыцьцё якога й здароўе патрэбныя гэтай прафэсіі. А калі мы бачым, што ўлады наогул не зьвяртаюць на гэта ўвагі, то нам трэба думаць, каб нашыя калегі былі ў страі”.

У Ваўкавыску таксама працягвае галадоўку пэнсіянэрка Валянціна Салдатава. Яна галадае адзінаццаты дзень, пратэстуючы супраць фальшаваньня вынікаў галасаваньня ў Ваўкавыску, і сказала, што спыняць галадоўку не зьбіраецца.

8 лістапада на свабоду пасьля 7 сутак арышту за арганізацыю пікету супраць уціску незалежных СМІ выходзіць гарадзенскі журналіст Павал Мажэйка. Увесь час знаходжаньня ў турме ён таксама трымаў галадоўку.
XS
SM
MD
LG