Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадарка Латвіі тры месяцы чакае ўручэньня даверчых лістоў


Юры Сьвірко, Менск Прыехаўшы ў Менск у пачатку жніўня, амбасадарка Латвіі ў Беларусі Майра Мора дагэтуль не ўручыла свае даверчыя лісты Аляксандру Лукашэнку. Менскія дыпляматы згадваюць рэкорд амэрыканскага амбасадара Майкла Козака, які чакаў прэзыдэнцкай аўдыенцыі некалькі месяцаў.

Неўзабаве пасьля таго, як Радыё Свабода паведаміла, што амбасадарка Латвіі ня можа ўручыць нават копіі сваіх даверчых лістоў міністру замежных справаў Беларусі, той прыняў Майру Мору ды яе копіі. Аднак для завяршэньня працэдуры акрэдытацыі яшчэ неабходна ўручыць арыгіналы даверчых лістоў кіраўніку краіны. На пытаньне, якая прычына такой затрымкі, прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных адказаў:

(Савіных: ) “Я думаю, што чыста тэхнічныя прычыны. Часам складваецца сытуацыя, што і некалькі месяцаў гэта займае. Ну, што ж зробіш?”

Спадар Савіных ня змог паведаміць, калі амбасадарку Латвіі прыме Аляксандар Лукашэнка. А прэсавы сакратар МЗС Латвіі Рэтс Плэсумс нагадаў, што афіцыйны Менск раней выдаў агрэман на Майру Мору:

(Плэсумс: ) “Беларусь пагадзілася на тое, каб яна была амбасадарам. Няма лёгікі, калі краіна пагадзілася на гэтага чалавека, на гэтага амбасадара, а потым не прымае яго”.

У Рызе зьвяртаюць увагу на тое, што набліжаецца нацыянальнае сьвята Латвіі — Дзень Незалежнасьці 18 лістапада. Усе амбасадары Латвіі ва ўсім сьвеце ладзяць з гэтай нагоды прыёмы. Ці стане Майра Мора паўнавартаснай амбасадаркай за гэтыя дзесяць дзён? Неафіцыйна зь беларускага МЗС паведамілі, што яе сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам плянуецца толькі на сьнежань з прычыны вельмі шчыльнага прэзыдэнцкага графіку.

На фотаздымку: Амбасадары Эўразьвязу на ўрачыстай цырымоніі ўзьняцьця сьцягу Эўрапейскай супольнасьці на тэрыторыі амбасады Эстоніі й Латвіі, г. Менск, 1 траўня 2004 г.
XS
SM
MD
LG