Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Уліс”: 15 гадоў у дарозе


Зьміцер Падбярэскі, Менск Новая перадача сэрыі “Па-за тактам”.

(Зьміцер Падбярэскі: ) “У біяграфіі творчага калектыву і адзін год, здараецца, значыць надзвычай шмат. Тым большую цікавасьць уяўляюць тыя творчыя калектывы, якія існуюць не адзін, а шмат гадоў. У беларускай папулярнай музыцы рознага кшталту юбілеі — рэч даволі звыклая. Аднак далёка ня ўсе калектывы могуць пахваліцца тым, што на працягу многіх гадоў іх папулярнасьць у слухачоў заставалася, прынамсі, стабільнай, а сам калектыў не спачываў на дасягнутым, а працягваў разьвівацца, застаючыся сабой і не зважаючы на моды, павевы і тэндэнцыі.

Менавіта да такіх калектываў можна аднесьці групу “Ўліс”, якая сёлета будзе адзначаць 15-годзьдзе першага зьяўленьня на сцэне. Як гэта таксама часта здараецца, сёньня зь першапачатковага складу ў групе застаўся адзін Вячаслаў Корань, якога ня толькі з гэтай прычыны можна называць ідэолягам калектыву і безумоўным лідэрам. Віншуючы Вячаслава і ў ягонай асобе ўсіх былых удзельнікаў групы зь юбілеем, я і вітаю яго ў студыі Беларускай Свабоды. Слава! Што ж было штуршком да зьяўленьня менавіта такой групы і чаму, уласна, вы так назваліся? Вы сапраўды ўжо тады разьлічвалі на такі працяглы шлях?”

(Вячаслаў Корань: ) “Усё невыпадкова здарылася, таму што “Ўліс” — гэта такі погляд на жыцьцё, і так атрымалася, што гурт падтрымлівае гэтую традыцыю. Гэта было звыш, каб мы такі назоў абралі. Але гэта атрымалася, і “Ўліс” зрабілася ня толькі назвай гурта, але й поглядам на жыцьцё”.

(Падбярэскі: ) “Першапачатковая музычная канцэпцыя “Ўлісу” была вельмі нязвыклая для Беларусі. Вас тады, магчыма, ад бездапаможнасьці вызначыць сутнасьць музыкі нават параўноўвалі зь вядомымі заходнімі ўзорамі. А вось ты, памятаю, сьцьвярджаў, што такое непаразуменьне ўзьнікла з-за таго, што “Ўліс” проста выконваў актуальную ва ўсім сьвеце музыку. Ці так гэта?”

(Корань: ) “Мы не рабілі таго, што было патрэбна, мы рабілі тое, што нам хацелася. Але рабілі гэта ў сучаснай плыні, таму так адбылося”.

(Падбярэскі: ) “А вось ты можаш патлумачыць, чаму з усяго “Ўлісу” ў ім застаўся толькі ты?”

(Корань: ) “Растлумачыць гэта вельмі проста, таму што тая сытуацыя, якая ў Беларусі існавала і існуе, яна нялёгкая для музыкантаў. Патрэбна жыць, патрэбна есьці, сям’ю ўтрымліваць, але гэта ня надта атрымліваецца ў музыкантаў, і таму яны сыходзяць са сцэны, ідуць на працу, зьяжджаюць за мяжу, займаюцца бізнэсам і адыходзяць ад музыкі”.

(Падбярэскі: ) “Гэта азначае, што прычыны расстаньня з калегамі не ляжалі ў плоскасьцях музычна-ідэалягічных?”

(Корань: ) “Не, я так ня думаю”.

(Падбярэскі: ) “У творчым пляне які з усіх альбомаў “Улісу” табе падаецца найбольш плённым, адкрыўчым? Толькі не адказвай, што апошні — пра гэта лёгка здагадацца…”

(Корань: ) “Я б так і адказаў, таму што кожны наступны альбом — гэта разьвіцьцё — разьвіцьцё музыкаў, разьвіцьцё вобразаў, жыцьцёвага падыходу. Таму кожны з альбомаў блізкі мне, паколькі нясе ў сабе менавіта той падыход да жыцьця і філязофіі жыцьця, які быў на дадзены момант. Таму на гэта пытаньне мне складана адказваць, але найбольш любімая мая песьня — “Краіна доўгай белай хмары”.

(Падбярэскі: ) “І таму невыпадкова, я так разумею, у альбоме “Люстэрка” зьявіліся новыя прачытаньні старых песень зь першых альбомаў?”

(Корань: ) “Невыпадкова. Я хацеў, каб “Краіна доўгай белай хмары” прагучала менавіта так”.

(Падбярэскі: ) “У гісторыі “Песьняроў” былі выпадкі, калі з часам музыканты рабілі новыя аранжаваньні песень. Аднак у гісторыі беларускай рок-музыкі не было выпадку, калі б адна й тая ж песьня аранжавалася па-новаму аж тройчы. Чым жа так табе неабыякавая песьня “Радыё Свабода”?”

(Корань: ) “Можна сказаць, што ўвогуле “Радыё Свабода” — гэта такая песьня, якая мае доўгае жыцьцё, таму што яна падабаецца людзям і падабаецца музыкам, але выконваць яе сёньня так, як мы выконвалі раней зь іншымі музыкантамі, не атрымліваецца таму, што музыкі прыўносяць свае нейкія музычныя ідэі й энэргетычныя ідэі, і кожны раз мы рабілі яе зь іншымі музыкантамі так, як мы яе бачым. І цяпер вось іншы падыход да гэтай песьні”.

(Падбярэскі: ) “Зьявілася нейкая нават камэрнасьць за кошт імітацыі струнных… Пэўны час ты супрацоўнічаў з Касяй Камоцкай. Ці даў табе нешта гэты пэрыяд у творчым сэнсе ці ты проста браў змушаную гэткую паўзу, каб абдумаць, у якім кірунку “Ўлісу” крочыць далей?”

(Корань: ) “Любы досьвед — ён для музыканта дае пэўнае разьвіцьцё, і таму з Касяй была вельмі добрая праца. Ды й Касі яно, я так разумею, было карысна папрацаваць са мной”.

(Падбярэскі: ) “Чаму партнэрам па юбілейным канцэрце было абрана менавіта этна-трыё “Тройца”? Ты сам, дарэчы, вызначаў?”

(Корань: ) “Так. Доўга думаў, каго запрасіць. Супрановіч хацеў зрабіць, каб гэта была такая “салянка”, каб было шмат музыкантаў, а вось я хацеў, каб гэта быў паўнакроўны канцэрт. І “Тройца” — гэта сапраўдны гурт. Ён адпавядае “Ўлісу” сваім падыходам да музыкі, стаўленьнем да жыцьця. А “Ўліс” спрабаваў рабіць нешта да “Тройцы” падобнае, і ўлісаўскія музычныя хвалі стаяць на тэстамэнце народнай музыкі. Таму, напрыклад, мы запрашалі Тацяну Мархель для запісу альбому “Краіна доўгай белай хмары”, каб яна засьпявала народныя песьні”.

(Падбярэскі: ) “Вось як згадвае пра мінулае Сяргей Краўчанка, бас-гітарыст першага складу групы “Ўліс”:”

(Сяргей Краўчанка: ) “Такая вельмі брацкая была сям’я. Кожны выконваў сваю ролю. Гэтыя ролі былі розныя, але кожны імкнуўся дасягнуць нейкай свабоды, адчуваць сябе вольна і на сцэне, і на рэпэтыцыі, і ў жыцьці. З гэтага пункту гледжаньня “Ўліс”, на маю думку, быў больш такім прасунутым калектывам у параўнаньні з “Бондай”. Тым ня менш, я думаю, мы ўсё ж варыліся тут ва ўласным супе. І гэта была памылка. Трэба было больш езьдзіць ці ўвогуле не вяртацца. Я ў свой час сказаў, што калі ты хочаш зрабіцца капітанам, трэба ехаць туды, дзе ёсьць акіян і карабель. Але вельмі цяжка быць капітанам тут, у Беларусі. Я ўвогуле не шкадую пра тое, што было пражыта й зроблена. Па-першае, добрыя ўспаміны; па-другое — шэраг сапраўдных сяброў, зь якімі давялося пазнаёміцца, і гэтыя сябры, шмат хто зь іх, застаюцца на ўсё жыцьцё”.

(Падбярэскі: ) “Спытаюся “па-за тактам”. Слава, у мяне такое ўражаньне, што ты вельмі балюча ставісься да крытыкі таго, што ты робіш, і нават знарок імкнесься да таго, каб твая музыка выклікала надзвычай нэрвовую рэакцыю журналістаў. Гэта так?”

(Корань: ) “Так атрымліваецца. Ведаеш, музыка павінен неяк разьвівацца ў сэнсе формы. Зьмест павінен заставацца, бо гэта душа музыкі, гэта сапраўднасьць музыкі, а форма павінна мець розныя прачытаньні. Першы, другі, трэці й тым больш апошні альбомы адрозьніваюцца адзін ад аднаго. Аднак беларускія журналісты да гэтага вельмі кандова ставяцца, яны дагэтуль “настальгіруюць” па старым “Улісе” і ня могуць успрымаць новы. Яны за формай ня бачаць зьместу, а зьмест тым часам застаўся ранейшы”.

(Падбярэскі: ) “Дык усё ж такі — ты крыўдуеш на іх ці не?”

(Корань: ) “Я ўжо перастаў крыўдаваць. Я ўжо слон, таўстаскуры”.

(Падбярэскі: ) “Я злавіў сябе на думцы, што пытаньняў у мяне да цябе шмат болей, чым здольны зьмясьціць адпушчаны ў эфіры час. Таму на заканчэньне: а які ж будзе наступны крок “Улісу”?”

(Корань: ) “Цяпер вельмі складаны час для “Ўлісу”, таму што сышлі музыкі ранейшага складу. Цяпер са мной ужо зусім новыя выканаўцы, і я хацеў бы, каб яны зрабіліся ўлісаўцамі, і буду рабіць дзеля гэтага ўсё, што ў маіх сілах. Калі гурт атрымаецца паўнакроўны, мы будзем рабіць наступныя праграмы, наступныя песьні. За гэтыя 15 гадоў было выдадзена дзевяць альбомаў, і я разьлічваю хаця б дзясяты зрабіць”.

(Падбярэскі: ) “І гэта будзе наступны, маленечкі, але цалкам канкрэтны крок. Госьцем праграмы “Па-за тактам” быў лідэр групы “Ўліс” Вячаслаў Корань, які 13 лістапада ў сумесным канцэрце з этна-трыё “Тройца” будзе адзначаць 15-годзьдзе калектыву. Дзякуй, Слава, за гутарку, і лёгкай дарогі “Ўлісу”!”
XS
SM
MD
LG