Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У Расеі смуткуюць, у Беларусі сьвяткуюць”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Яшчэ паўтара дзясятка гадоў таму ў гэты дзень, 7 лістапада, на вуліцы ўсіх савецкіх гарадоў выходзілі мільёны людзей з кветкамі, партрэтамі членаў палітбюро ды камуністычнымі лёзунгамі. Ішлі хто прымусова, а хто і па ўласнай ахвоце. Але ў апошнія гады ў дзень чарговай гадавіны бальшавіцкага перавароту на заклік камуністаў ля помніка Леніну ў Менску зьбіралася хіба што некалькі соцень людзей — пераважна сівавалосых пэнсіянэраў. Днямі расейскія ўлады абвясьцілі, што з наступнага году ўвогуле адмовяцца ад сьвяткаваньня 7 лістапада — гэты дзень стане працоўным. А што ў Беларусі? Гэтым пытаньнем зацікавіўся наш слухач Віктар Кузьменка са Жлобіна:

“Ці ведаюць беларускія ўлады, што ў Расеі адменяць сьвяткаваньне дня 7 лістапада? Калі гэта адбудзецца, Беларусь застанецца адзінай краінай, у якой у якасьці дзяржаўнага сьвята адзначаецца гадавіна бальшавіцкага перавароту, які да таго ж адбыўся ў іншай дзяржаве. У Расеі ў гэты дзень будзе жалоба, а ў Беларусі — гульба? Гэта ж поўны абсурд. Камуністычныя правадыры семдзесят год зьнішчалі самых разумных і працавітых людзей, праводзілі нялюдзкія экспэрымэнты ў эканоміцы, змушалі людзей да эміграцыі. А якім чынам яны прыйшлі да ўлады ў 1917-м? Можа, шляхам справядлівых выбараў? Ды не, гвалтам разагналі законны ўрад, паставіўшы міністрамі паўпісьменных недавучкаў. А тых, хто быў ня згодны зь іхнай палітыкай, проста ставілі да сьценкі”.

Многія памятаюць час, спадар Кузьменка, калі дзень 7 лістапада ня значыўся ў пераліку беларускіх дзяржаўных сьвятаў, гэта было напачатку 1990-х гадоў. Але з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі Вярхоўны Савет, камуністычная большасьць якога да таго часу ўжо ачуняла ад перапалоху, зь лёгкасьцю вярнула гэты дзень у каляндар найважнейшых дзяржаўных датаў.

Калі Расея ажыцьцявіць свае намеры і зробіць 7 лістапада працоўным днём, беларускія ўлады, сапраўды, апынуцца ў двухсэнсоўнай сытуацыі. Масква тым самым прызнае бальшавіцкую рэвалюцыю трагічным днём сваёй гісторыі, а Беларусь будзе гэты дзень сьвяткаваць на дзяржаўным узроўні.

Наш даўні слухач Мікалай Волін зь Менску даслаў ажно тры лісты з развагамі пра наступствы і ўрокі нядаўніх выбараў і рэфэрэндуму ў Беларусі. Працытую толькі невялікую частку гэтых развагаў, дзе спадар Волін падсумоўвае свае назіраньні:

“Сацыёлягі зь інстытуту Гэлапа, якія праводзілі ў нас апытаньні, не ўлічылі аднаго важнага чыньніка — страху людзей перад магчымымі рэпрэсіямі ўлады. Калі ўлічыць зьвесткі Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, паводле якіх 90 адсоткаў праціўнікаў Лукашэнкі й палова яго прыхільнікаў адмаўляюцца адказваць на пытаньні сацыёлягаў, дык за Лукашэнку на рэфэрэндуме прагаласавалі не 48, а толькі 15 з паловай адсоткаў ад усіх выбарцаў. Калі на выбары прыйшлі 80 адсоткаў выбарцаў, то “за” прагаласавалі 19 адсоткаў”.

Сапраўдныя лічбы, спадар Волін, невядомыя і наўрад ці калі-небудзь стануць вядомыя. Натуральна, вы маеце рацыю, сьцьвярджаючы, што многія людзі баяцца быць шчырымі нават з сацыёлягамі й нават на ўмовах ананімнасьці. Але апроч гэтых лічбаў інстытуту Гэлапа, іншых вартых даверу крыніцаў інфармацыі аб выніках галасаваньня проста няма. Вашыя падлікі — гэта толькі адна з вэрсіяў, што грунтуецца на здагадках.

Ліст ад Міколы Канаховіча з Пружанаў. Слухач абураецца прапагандай так званых “посьпехаў”, якая вялася ўладамі напярэдадні рэфэрэндуму і працягваецца цяпер. Мікола Канаховіч піша:

“Улада выхваляецца: пры Лукашэнку нібыта паўсюдны росквіт — небывалымі тэмпамі разьвіваецца прамысловасьць, а вёска вырошчвае нечуваныя ўраджаі. Нібы людзі ня бачаць, што прадукцыя нашых прадпрыемстваў ляжыць на складах, а вёска паўсюль вымірае. Які там росквіт, калі, напрыклад, у нашым Пружанскім раёне за апошнія дзесяць год закрылі амаль усе вясковыя бальніцы, толькі дзе-нідзе пакінулі фэльчарска-акушэрскія пункты. У раёне амаль не засталося беларускамоўных школаў. Спартовымі залямі могуць карыстацца толькі абраныя. У нашых суседзяў, якія ўступілі ў Эўразьвяз, заробкі ў некалькі разоў вышэйшыя, а цэны на харчы ў шэрагу выпадкаў ніжэй, чым у нас. Моладзь, якая ня можа знайсьці сабе прыстойную працу на радзіме, усё часьцей зьяжджае за мяжу, на Захад”.

З гэтай супярэчнасьцю, спадар Канаховіч, цяпер сутыкаюцца многія, асабліва на вёсцы. Глядзяць беларускія тэлеканалы — там бадзёрыя рэпартажы пра адраджэньне калгасаў, багатыя ўраджаі й высокія надоі ды шчасьлівых калгасьнікаў, што спраўляюць навасельлі; паглядзяць за акно ўласнай спарахнелай хаты — там разваленая фэрма, зарослае быльнягом поле ды п’яны брыгадзір ля паламанага трактара. Напэўна, з гэтай супярэчнасьцю многія зьмірыліся, і проста не заўважаюць яе. Тым больш, што не такі ўжо далёкі час, калі ўсё гэта было звычайнай справай: згадайце, пра што расказвалі газэты, радыё ды тэлебачаньне за камуністамі.

На тэму прапаганды посьпехаў беларускай улады разважае ў сваім лісьце і Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Ён піша:

“Лукашэнка кажа, што народ наш жыве ўсё лепш і лепш. Але гэта — народ. А вось сям’я жыхара вёскі Кажухі Макранскага сельсавету Маларыцкага раёну Сьцяпана Апанасавіча Самасюка жыве, як пры фэадальным ладзе — без электрычнасьці. Вечарамі гаспадар, яго жонка і сын Сяргей запальваюць лямпу. Калі ў лямпе керасін, дык яшчэ сяк-так, а калі салярка — уся хата ў куродыме. Таму стараюцца зрабіць усю хатнюю працу да цемры.

Ад хаты да электралініі — мэтраў 500–700. Гаспадар ня раз зьвяртаўся да ўлады, каб нарэшце хоць у 21 стагодзьдзі электрыфікацыя дайшла і да ягонай хаты. Але на ўсе звароты — адзін адказ: “Жывеш на хутары, электрычнасьць падводзіць нельга, бо хата твая ў аварыйным стане…” А дзе ж яму яшчэ жыць? Кватэры ж ніхто не дае. Пагаворваюць, што давядзецца Самасюку зьвяртацца асабіста да прэзыдэнта”.

Цікава, спадар Сац, што, калі верыць беларускім падручнікам гісторыі, поўная электрыфікацыя на Беларусі адбылася яшчэ ў даваенныя гады. Праўда, асабіста я памятаю вёсачкі, у якіх не было электрычнасьці нават на пачатку 1970-х гадоў. Аказалася, жывуць некаторыя беларусы без электрасьвятла і ў новым тысячагодзьдзі. Ня мае магчымасьці Сьцяпан Апанасавіч Самасюк глядзець беларускае тэлебачаньне і ня ведае, як шчасьліва і заможна жыве беларускі народ.

На заканчэньне — ліст ад нашага даўняга слухача, былога вайскоўца Ільлі Копыла зь Менску. Слухач піша:

“Уладзе можна было не хвалявацца: апазыцыя сама забясьпечыла яўку людзей на выбары і рэфэрэндум. Я быў цьвёрдым прыхільнікам байкоту, але таксама прыклаў руку да таго, каб людзі пайшлі на выбарчыя ўчасткі (быў у групе падтрымкі Вінцука Вячоркі, браў удзел у некалькіх пікетах). Можна не сумнявацца: калі б падлік галасоў быў сумленным, Вінцук Вячорка атрымаў бы ўпэўненую перамогу. Людзі ішлі на выбары — і не па ўласнай волі сталі саўдзельнікамі рэфэрэндуму, парушальнікамі Канстытуцыі. У мяне няма адказу — ці правільна я паступіў, калі, будучы прыхільнікам байкоту, аказваў дапамогу Вінцуку Вячорку. Час пакажа.

Але скажу так. Калі рухне рэжым Лукашэнкі, ня трэба спадзявацца, што наступныя выбары будуць лёгкімі. У выбары адразу кінуцца партыі рэваншу — гэта прыхільнікі Лукашэнкі, лібэрал-дэмакраты Гайдукевіча, камуністы (чыкінцы і калякінцы), БРСМ ды іншыя. І мы можам атрымаць яшчэ горшы варыянт, чым маем цяпер. А таму апазыцыя павінна падтрымліваць добрую форму — як гэта робяць спартоўцы, калі разьлічваюць на перамогу”.

Час, калі ў Беларусі справа дойдзе да зьмены ўлады, сёньня выглядае ня надта блізкім, спадар Копыл. У кожным разе, калі Аляксандар Лукашэнка калі-небудзь і наважыцца адмовіцца ад удзелу ў чарговых прэзыдэнцкіх выбарах, то, хутчэй за ўсё, зробіць усё ад яго залежнае, каб пасадзіць на гэтае крэсла свайго пераемніка, які б гарантаваў яму бясьпеку, засьцярог ад суду, забясьпечыў камфортнае існаваньне на пэнсіі. Ва ўмовах цяперашняй палітычнай сыстэмы, калі ў дзяржаве няма падзелу ўлады і справядлівых выбараў, зрабіць гэта даволі проста. Відавочна, найперш да гэтага і варта рыхтавацца ўсім палітычным сілам, якія разьлічваюць на тое, каб у пэрспэктыве ўдзельнічаць у кіраваньні краінай.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Валянцін Пятроў з расейскага гораду Навастроеўка Белгародзкай вобласьці, Веніямін Галубчык зь Менску, Аляксей Былінскі з Рэчыцы, Віталь Гусеў з Магілёва і Пётар Лявіцкі зь Берасьця.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG