Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экзыт-пол 2006


Сяргей Дубавец, Вільня Паўтара года мінуць незаўважна, таму так няцяжка ўявіць сабе лета 2006-га, а зь ім і чарговыя выбары і пытаньне: за каго галасаваць?

У адказах вулічных мінакоў, якім карэспандэнты “Свабоды” задавалі пытаньне “Што цяпер рабіць апазыцыі?”, гучыць разгубленасьць. Бо няма выразнага ўяўленьня пра месца дэмакратычных сілаў у грамадзтве. У лепшым выпадку, мінакі адказваюць гіпатэтычна: шукаць лідэра (гэта каб зразумець якраз, дзе іхнае месца, каб іх можна было ўбачыць) або шукаць шлях да сэрца народных мас ці – не рабіць нічога: маўляў, позна.

Разгубленасьць – гэта водгук на разгубленасьць самой апазыцыі. Як яе зразумееш, калі яна зноў кажа пра станоўчыя для сябе вынікі мінулых выбараў і рэфэрэндуму? Сапраўды, ніхто не прайшоў, затое за нашых галасавала паўмільёна!.. Я так і сказаў сваім спадарожнікам у электрычцы. А яны, менскія дачнікі, што вярталіся са сваіх сотак, толькі махнулі рукой. Каго хвалюе, што праціўнік вераломны – галоўнае, што ты яму прайграў. Кажаш, што сілы няроўныя – дык чаго тады ідзеш у бой ды яшчэ нас за сабой клічаш?

Што тут адкажаш? А калі й брацца адказваць, дык пачынаць трэба здалёк. З таго, у якую эпоху мы жывем, які цяпер у Беларусі час, які лад і які агульны настрой. Зразумець гэта настолькі ж істотна, як уявіць сабе недарэчнасьць пытаньня пра апазыцыю ў часы Пятра Машэрава. Хіба так ужо шмат зьмянілася з тых часоў у грамадзкім ладзе і агульным настроі? Калясальныя зьмены адбыліся ў нашых суседзяў, што нярэдка ўводзіць нас у зман і змушае жыць ня тут і цяпер, а ў ілюзорнай краіне Беларусі з прыдуманым народам, які нібыта ўсё больш незадаволены і ўсё больш гатовы ісьці за апазыцыяй, якая, у сваю чаргу, атрымлівае ўсё большыя маральныя перамогі і ўпэўнена глядзіць у будучыню, хоць у ГЭТАЙ рэальнасьці яе вага ў грамадзтве тае на вачах.

Апазыцыя гаворыць сама з сабою. Яна сябе разумее, бо кажа тое, што хоча пачуць. У гэтым унутраным сумоўі няма нічога заганнага, але фатальна бракуе самаіроніі. Не самакрытыкі – таго не зрабіў ці зрабіў ня так – а менавіта самаіроніі, крытычнага погляду на сябе збоку, таго, без чаго аб’ектыўнага стану рэчаў не разгледзіш.

Сёньня мы паставім такі футуралягічны экспэрымэнт. Мы зьвернемся да паважаных прадстаўнікоў дэмакратычнай беларускай інтэлігенцыі і высьветлім іхныя адносіны да выбарчай кампаніі 2006. Пытаньне простае: за каго яны хацелі б прагаласаваць? Вядома, што новае імя можна раскруціць і за тры месяцы. Але для гэтага павінна быць адпаведная глеба. І сёньня гаворка менавіта пра яе. Фантастычны экзыт-пол 2006 правёў Зьміцер Бартосік: Акунемся разам зь ім у атмасфэру электаральнага сьвята…

(Бартосік: ) “Большасьць тых, каму я тэлефанаваў, ніякага прозьвішча мне не назвалі. Самыя частыя адказы – “Яшчэ ня час што-небудзь вырашаць”. Або – “Навошта называць, калі ўжо сёньня вядома, хто выйграе?” Ці яшчэ – “Гэтае імя нам адкрыецца само”. Казалі таксама пра тое, што пытаньне неэтычнае, ці што адказ можа паставіць кандыдата ў рызыкоўнае становішча. Але я пасьля кожнага такога адказу настойліва скідаў зь сябе маску важнага фігуранта беларускай палітыкі і ператвараўся ў самага звычайнага чалавека зь менскай вуліцы, які з усёй сваёй наіўнасьцю на кожнае апазыцыйнае дзеяньне адказвае нязьменным: хто, калі ня ён? Народ быццам сам падказвае дэмакратычным палітыкам і нацыянальнай інтэлігенцыі, што яму, народу, ад гэтай апазыцыі трэба. Не праграмы і ня мітынгі, а ўсяго толькі імя, якое за гэтыя паўтара года будзе народам разгледжанае і прынятае або адхіленае.

Ці ёсьць такое імя? Першага я запытаўся пра гэта музыку Лявона Вольскага, які, бадай, найбліжэй кантактуе з гэтымі самымі шырокімі народнымі масамі. За каго б хацелася аддаць голас у 2006 годзе?”

(Вольскі: ) “Я лічу, што за год-паўтара мусіць вызначыцца нейкая асоба ці то з апазыцыі цяперашняй, ці проста прыйдзе аднекуль збоку. І пакуль што зь цяперашніх наўрад ці хто... Ну, хіба што, напрыклад, Колас, дырэктар ліцэю. Але “верыцца з трудом”, як той казаў”.

(Бартосік: ) “А чаму менавіта гэтае прозьвішча – Колас? Што імпануе ў ім?”

(Вольскі: ) “Ён мае досьвед працы зь людзьмі, адміністрацыйнай працы і таксама палітычнай работы. Я бы бачыў нармальнага кіраўніка”.

(Бартосік: ) “Такім чынам, першы кандыдат вызначаны. Тым больш, калі за яго выступае зорка рок-музыкі, здольная прыцягнуць галасы сваіх заўзятараў. Я ўжо гатовы быў цешыцца сваім апытальніцкім здабыткам. Бо кіраваць элітарным ліцэем, напэўна ж, не лягчэй, чым сярэднім саўгасам. Пры гэтым, кожны такі кіраўнік будзе абавязкова праектаваць сваю ўстанову і свой стыль працы на ўсю краіну. У гэтым сэнсе Беларусь ужо дзесяць гадоў – саўгас. А хацелася б пабачыць яе ў выглядзе прэстыжнай адукацыйнай установы...

Але мая радасьць аказалася дачаснай. Калега Ўладзімера Коласа філёзаф Алесь Анціпенка таксама кіруе элітарнай установай – Беларускім калегіюмам. Яму я затэлефанаваў наступнаму”.

(Анціпенка: ) “Я магу намаляваць кароткі партрэт гэтага чалавека. Гэта ня мусіць быць прадстаўнік намэнклятуры. Гэта мусіць быць чалавек сярэдняй генэрацыі. Гэта мусіць быць чалавек, якога створыць сама апазыцыя, у тым сэнсе, што выкажа яму поўную падтрымку. Гэта, нарэшце, мусіць быць чалавек, які хоць і зьяўляецца палітыкам, але не хаўрусаваўся зь ніякімі палітычнымі партыямі. Безумоўна, гэта мусіць быць вядомы ўжо чалавек. У мяне ёсьць адказ на гэтае пытаньне вельмі канкрэтны, але я думаю, што было б не зусім этычна называць гэтае прозьвішча. Бо гэты чалавек яшчэ сам мусіць вырашыць”.

(Бартосік: ) “У мяне склалася ўражаньне, што мы гаворым пра Коласа...”

(Анціпенка: ) “Не. Гэта ня мусіць быць Колас, з майго пункту гледжаньня”.

(Бартосік: ) “Думкі, як кажуць, падзяліліся. Але Лявон Вольскі і Алесь Анціпенка – гэта ўсё ж прадстаўнікі розных прафэсіяў. Думкі ж, аказваецца, могуць падзяляцца й паміж двума кіраўнікамі адной партыі. Вось адказы двух намесьнікаў старшыні БНФ Алеся Бяляцкага і Алеся Міхалевіча”.

(Бяляцкі: ) “Вінцук Вячорка”.

(Бартосік: ) “А чаму менавіта ён?”

(Бяляцкі: ) “Таму што ён мае ўсе якасьці для таго, каб займаць гэтую пасаду. І я ўпэўнены, што калі б гэта зрабілася, краіна вельмі хутка пачала б разьвівацца, набрала моц і ўрэшце заняла б свой пачэсны пасад між народамі”.

(Бартосік: ) “Тое самае пытаньне – Алесю Міхалевічу”.

(Міхалевіч: ) “Я б хацеў бачыць Віктара Карніенку, кіраўніка Фонду рэгіянальнага разьвіцьця, былога дэпутата Вярхоўнага савету СССР і намесьніка старшыні Гомельскага гарвыканкаму. Чалавек, які не рабіў партыйнай кар’еры, які мае добрую адукацыю, досьвед, усё неабходнае для таго, каб быць добрым прэзыдэнтам”.

(Бартосік: ) “Мабыць, за наступны год-паўтара бээнэфаўцы прыйдуць да агульнае кандыдатуры. І можа быць тая кандыдатура ня будзе такой агульнай, як на мінулых выбарах, і пра якую сёньня мне не згадаў ніхто.

Наступны суразмоўца – мастак Алесь Пушкін. Ён прыхільнасьцяў не зьмяняе і будзе галасаваць за таго, за каго галасаваў і чатыры і дзесяць гадоў таму. Калі, вядома, ягоны кандыдат будзе ў выбарчых бюлетэнях”.

(Пушкін: ) “Я б хацеў аддаць свой голас за Зянона Пазьняка. Таму што жыцьцё паказала, што гэты палітык мае інтуіцыю і не памыліўся ў сваіх прагнозах. І ён мае маральнае права балятавацца на найвышэйшы кіраўнічы пост. Адзінае, што яму трэба зараз зрабіць – прыехаць і жыць у Беларусі. Яму ўжо нічога не пагражае з боку ўлады. Яму пагражае гэтая так званая апазыцыя. Яны яго больш ненавідзяць, чым нават дзейная ўлада”.

(Бартосік: ) “Наступны званок – пісьменьніку Ўладзімеру Арлову. Ці існуе чалавек, за якога табе ў 2006 годзе хацелася б аддаць свой голас? Вось Зянон Пазьняк. Я б яму ў 2006 годзе з задавальненьнем аддаў свой голас”.

(Арлоў: ) “Ну для гэтага яму трэба вярнуцца на Радзіму. І тады ў яго могуць зьявіцца шанцы”.

(Бартосік: ) “А ў цябе ёсьць чалавек, якому б ты хацеў аддаць свой голас?”

(Арлоў: ) “Я думаю, што буду вырашаць гэтую праблему бліжэй да 2006 году. Але калі б шаноўны Зянон Пазьняк вярнуўся на Бацькаўшчыну, то я, як і ты, бадай што аддаў свой голас за яго”.

(Бартосік: ) “Яшчэ адзін “стары бээнэфавец” – сёньняшні старшыня беларускага ПЭН-цэнтру перакладчык Лявон Баршчэўскі, як і большасьць маіх апытаных, мае сваю арыгінальную кандыдатуру”.

(Баршчэўскі: ) “Ну вось дапусьцім Дабравольскі, нават само прозьвішча харошае для прэзыдэнта. Але імя па бацьку Альгердавіч. Пачнуць казаць як на Пазьняка – паляк і ўсё такое. А так вельмі добра было б. Па-першае, вялікі палітычны вопыт – яшчэ народны дэпутат СССР. Па другое, чалавек, які ня мае ворагаў і ня мае ніякіх алергічных рэакцыяў. І вельмі добра працаваў на ўсіх выбарах, умее працаваць з камандай”.

(Бартосік: ) “Мастак і аўтар славутага “Народнага альбому” Міхал Анемпадыстаў палічыў маё пытаньне рызыкоўным, бо справа вельмі сур’ёзная”.

(Анемпадыстаў: ) “Натуральна, я прагаласаваў бы толькі за палітыка, за таго палітыка, якому давяраюць іншыя палітыкі. Я бы прагаласаваў за высунутую агульнымі намаганьнямі кандыдатуру. Я не бяруся самастойна рабіць такі выбар, бо хацеў аддаць голас за таго, хто будзе падтрымлівацца іншымі”.

(Бартосік: ) “Нарэшце два зусім нечаканыя, для мяне, прынамсі, адказы. Полацкі літаратар Алесь Аркуш”.

(Аркуш: ) “Гэта мусіць быць такі “Зорра”. Людзі чакаюць Зорра, які б аднавіў справядлівасьць. Лукашэнка таксама быў Зорра. Грамадзтва ў ім бачыла Зорра. Але той Зорра не такі аказаўся. Мусіць быць палкоўнік Барадач, які прыйдзе і адстаіць кожную бабульку. Толькі гэта зараз спрацуе”.

(Бартосік: ) “Філёзаф Уладзімер Мацкевіч:”

(Мацкевіч: ) “Я б аддаў свой голас за сябе, бо іншае кандыдатуры сёньня ня бачу”.

(Бартосік: ) “Вось такі атрымаўся вынік. 10 імёнаў і, лічы, усе розныя. Пазьняк, Вячорка, Мацкевіч, Карніенка, Колас, Дабравольскі і Барадач.

Застаецца дадаць, што адно няёмкае прадчуваньне не пакідала мяне праз увесь час майго абзвону. Тэлефаную я ўсё ж, па вялікім рахунку, у “адну каманду” – да тых людзей, што робяць адну справу, якія добра ведаюць адзін аднога і падзяляюць погляды адзін аднога, але... Але наступныя званкі да наступных людзей з гэтай дэмакратычнай беларускай каманды будуць прыносіць усё новыя прозьвішчы. Пакуль не назавуць усіх. А гэта значыць, што на пастаўленае мною пытаньне адказу ўвогуле няма”.

(Дубавец: ) “Ну і што мы адкажам сваім суседзям у электрычцы пра нашага кандыдата? Суседзі чакаць ня хочуць і ня будуць. Яны пытаюцца – у вас хто-небудзь ёсьць? Што ёсьць многа і што казаць рана – гэта для іх не адказ. Назавеце, хто.

Вынік і сапраўды несуцешны. Разгубленасьць. І прычынаў у яе некалькі. Пра першую і самую галоўную я ўжо сказаў – нашым палітыкам бракуе крытычнага погляду на саміх сябе, а ў выніку яны схільныя самападманвацца. Тыя, што ідуць на выбары, падманваюцца тым, што іх прапусьцяць, а тыя, што байкатуюць – тым, што з байкоту атрымаецца нейкі эфэкт. Урэшце, усе гавораць пра немагчымасьць роўнае барацьбы, але пры гэтым – змагаюцца. Зьвярніце ўвагу: амаль усе лідэры апазыцыйных партыяў у нас ня маюць прэзыдэнцкіх амбіцыяў і ўсяляк гэта падкрэсьліваюць. Інакш кажучы, яны падкрэсьліваюць ненацэленасьць сваіх партыяў на перамогу.

Наступная прычына – глыбокі недавер да таго, што можна нешта зьмяніць выбарамі, гэта значыць – глыбокі недавер да ўласнай палітычнай дзейнасьці, якая круціцца менавіта вакол выбараў. Іншыя сродкі й спосабы не разглядаюцца. Мы занадта абвыкліся, усядзеліся ў вобразе палітычнае партыі эўрапейскага кшталту. І гэта добра. Але гэтага мала для таго, каб перамагаць.

Нарэшце трэцяя прычына – “сындром Ганчарыка” – сындром няўдалага выбару. Мінулы досьвед нікога не суцяшае, але і не прывёў да крытычнага погляду на калектывізаваную, гэта значыць, падзеленую адказнасьць. І на новых выбарах будзе тое самае. Мы прагаласуем за каго заўгодна, абы ён быў узгоднены кааліцыяй. Не за моцнага кандыдата, за якога наша партыя нясе непадзельную адказнасьць, і таму гатовая да канца змагацца з фальсыфікацыямі, а за агульнага.

І гэта будзе чарговая перамога кааліцыі, стварэньне якой само па сабе стала перамогай на мінулых выбарах. Наша апазыцыя моцна трымаецца за сваю аб’яднанасьць, як за апошнюю надзею, хоць гэтая аб’яднанасьць выглядае саломінай для тапельца, бо нічога, апроч сумы дэлегаваных у агульны кацёл адказнасьцяў і амбіцыяў зь сябе не ўяўляе.

Можа быць, і ня варта чакаць, пакуль партыі выберуць нам новага агульнага кандыдата? А ўжо цяпер вызначыцца са сваім, уласным, загітаваць за яго суседзяў у электрычцы і такім чынам ужо сёньня пачаць уласную сваю кампанію 2006?

Натуральна, наш фантазійны экзыт-пол ня можа прэтэндаваць ані на статыстычны зьмест, ані нават на паліталягічную зьмястоўнасьць. Гаворка, па вялікім рахунку, ідзе пра выбітных людзей беларускага грамадзтва, якім мы маглі б даверыць стырно краіны. І тут зусім ня важна, зьвязана гэтае наша жаданьне з выбарамі ці не. Важна, што такія людзі ёсьць і, што нейкай аб’яднаўчай постаці сярод іх няма. Няма для інтэлектуальнай эліты – а значыць, няма і для народу, якому эліта такую постаць прапанаваць ня можа. І выснова з гэтага ўсяго напрошваецца адна: пра патрэбу перамен у дэмакратычным беларускім асяродку, пра замену фігурантаў на пасадах, манэраў і стыляў працы, партыйных шыльдаў... На маю думку, гэта мусіць быць капітальны рамонт.
XS
SM
MD
LG