Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Троіца” прэзэнтуе альбом “Сем”


Галіна Абакунчык, Менск Лідэр этна-гурта “Троіца” Іван Кірчук гэтымі выхаднымі правёў клюбную сустрэчу й on-line канфэрэнцыю са слухачамі, прысьвечаную выхаду кампакт-дыску пад назваю “Сем”. Гэта першы з чатырох альбомаў “Троіцы”, які выйшаў у Беларусі.

Чым адметны новы дыск і чаму ён называецца “Сем”? Альбом складаюць сем песьняў і сем старажытных замоваў – найлепшыя з кампазыцыў, якія некалі выконвала “Троіца”. Адсюль і назва, кажа Іван Кірчук.

(Кірчук: ) “Можна шмат казаць пра сем: гэта й сем гукаў, і сем колераў вясёлкі, і сем гадоў “Троіцы”. Жартую – сем дзірак у галаве – розная можа быць філязофія”.

Паводле спадара Кірчука, прэзэнтацыя дыску адбудзецца ў часе супольнага канцэрту з гуртом “Уліс” 13 лістапада.

Як вядома, “Уліс” – гэта рок-гурт, а “Троіца” грае этна-музыку. Што аб’ядноўвае іхны супольны выступ?

Адна з прычынаў – гэта 15-годзьдзе “Улісу” і 7-годзьдзе “Троіцы”. А другая – тое, што гэтыя гурты, якія вельмі папулярныя ў асяродку беларускамоўнай моладзі, застаюцца малавядомымі ў краіне. Да прыкладу, “Троіца” напачатку сталася папулярнай за мяжой, а толькі потым на радзіме. Вось што пра гэта кажа Іван Кірчук:

(Кірчук: ) “На жаль, няма зацікаўленасьці да народнай музыкі. Няма фэстываляў, нават са Славянскага базару нас выключылі невядома чаму. А чаму было б не паказаць, што й гэта ў нас ёсьць?”

Паводле Івана Кірчука, адзіны фальклёрны фэстываль у Беларусі, “Таўкачыкі”, створаны выключна з ініцыятывы музыкаў. Тое ж можна казаць і пра існаваньне іншых папулярных гуртоў, кшталту “Старога Ольсы”, “Зьніча” й іншых. І такіх зьяў было б нашмат больш, каб разьвіцьцю нацыянальнай культуры спрыяла дзяржава, як да прыкладу, гэта адбываецца ў Эстоніі, дзе “Троіца” брала ўдзел у нацыянальным фэстывалі. Гаворыць Іван Кірчук:

(Кірчук: ) “У невялічкай мясцовасьці, дзе жыве 20 тысячаў чалавек, на фэстываль зьбіраецца 200 тысячаў. З Таліна міністар культуры адпраўляе цягнікі з духавым аркестрам, каб людзі паехалі, паслухалі нацыянальную музыку розных краінаў. Мы там былі, як у сваёй талерцы. А калі няма фэстываляў, няма канцэртаў, дзе гэта можна пабачыць?”

А на карысьць таго, што музыка “Троіцы” запатрабаваная ў публікі, а значыць, і мае пэрспэктыву, гаворыць той факт, што падчас сустрэчы зь лідэрам “Троіцы” заля была поўная, а on-line канфэрэнцыя прадоўжылася больш заплянаванага часу.
XS
SM
MD
LG