Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Воршы быў прэзэнтаваны фільм “Васіль Быкаў. Вяртаньне”


Браніслава Станкевіч, Ворша Ён прысьвечаны падзеям, што разгарнуліся падчас пахаваньня Васіля Быкава ў Менску 25 чэрвеня 2003 году. Прэзэнтацыя прайшла дзякуючы ініцыятыве аршанскага грамадзкага аб’яднаньня “Цэнтар імя Філона Кміты”.

Стужка “Васіль Быкаў. Вяртаньне” ужо была паказаная ў Польшчы ў часе фэсту “Беларуская бардаўская восень”, які праходзіў у Бельску, ды ў Літве, дзе фільм быў двойчы паказаны па галоўным канале нацыянальнага тэлебачаньня, прычым абодва разы – 17-га кастрычніка, у дзень апошніх парлямэнцкіх выбараў ды рэфэрэндуму.

Што да Беларусі, то менавіта ў Воршы адбылася першая публічная прэзэнтацыя фільма, у якой узялі ўдзел ягоныя стваральнікі – рэжысэр Віктар Корзун ды прадусар Кася Камоцкая.

На прагляд фільму пра Быкава прыйшло каля 30-ці чалавек – болей проста не магло зьмясьціцца ў офісе Цэнтру імя Філоны Кміты. Але, паводле словаў спадара Корзуна, творчая група мае спадзевы на тое, што паказы гэтае стужкі мусяць выйсьці “з падпольля” й набыць масавы характар – хаця б з дапамогаю калі не беларускіх, дык расейскіх тэлевізійных кампаніяў.

Завяршылася імпрэза сьпевамі Касі Камоцкай, якая адмыслова дзеля выступленьня перад аршанцамі прасьпявала колькі песняў на вершы Уладзімера Караткевіча – тутэйшага ўраджэнца і яшчэ аднаго з найбольш знакамітых беларускіх пісьменьнікаў.
XS
SM
MD
LG