Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік ваўкавыскай вэртыкалі: “У нас ёсьць адна дзяржаўная газэта, і больш нам ня трэба”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава “Ваўкавыск– горад галадовак”: такі загаловак мае артыкул у сёньняшнім нумары аўтарытэтнага польскага штодзёньніка “Rzeczpspolita”. Газэта таксама падрабязна знаёміць чытачоў зь некаторымі з тых, што бяруць удзел у галадоўцы.

“Беларусы дагэтуль ня хочуць пагадзіцца са сфальсыфікаванымі вынікамі выбараў і рэфэрэндуму. У Менску спрабуюць пратэставаць на вуліцах, а ў Ваўкавыску адважыліся галадаць пяць чалавек”, піша “Rzeczpоspolita” ды распавядае пра рашэньне Міністэрства інфармацыі менавіта напярэдадні рэфэрэндуму прыпыніць выхад ваўкавыскай “Местной газеты”, з-за чаго і пачаў галадоўку яе рэдактар Андрэй Шантаровіч.

Далей польскі штодзёньнік піша пра двухтыднёвую галадоўку былога дэпутата Міколы Аксаміта, які ў выніку сваёй акцыі трапіў у шпіталь, а таксама пра галадоўку пэнсіянэркі Валянціны Салдатавай.

“Лепш памерці, чым далей пераносіць ману мясцовых чыноўнікаў”, – заявіла газэце спадарыня Салдатава.

Між тым улады Ваўкавыску ігнаруюць акцыі пратэсту, што цягнуцца ў горадзе ўжо тры тыдні. “Гэта прыватная справа галадоўнікаў”, заявіў нам намесьнік старшыні мясцовай вэртыкалі па ідэалёгіі Рычард Мулярчык, “а што тычыцца Шантаровіча, дык у нас ёсьць адна дзяржаўная газэта, і больш нам ня трэба”, – цытуе словы ваўкавыскага чыноўніка аўтарытэтны польскі штодзёньнік “Rzeczpоspolita”.
XS
SM
MD
LG