Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Швэдзкім міжнародным радыё цяпер ёсьць беларускамоўная перадача


Аляксей Дзікавіцкі, Стакгольм Учора ўвечары ўпершыню прагучала паўгадзінная перадача швэдзкага радыё на беларускай мове. Стваральнік і вядучы перадачы – пісьменьнік зь Беларусі Дзьмітры Плакс, які жыве цяпер у Стакгольме. Учора адразу пасьля сканчэньня эфіру зь ім гутарыў наш карэспандэнт.

Як атрымалася, што швэдзкае радыё пачало гаварыць па-беларуску? Як патлумачыў Дзьмітры Плакс, ідэя стварэньня беларускай рэдакцыі ў Швэдзкім міжнародным радыё ўзьнікла ў яго пяць гадоў таму, калі сам спадар Плакс пачаў супрацоўнічаць з гэтым радыё. Спатрэбілася шмат намаганьняў, каб пробная перадача ўрэшце зьявілася. Дзьмітры Плакс кажа, што істотным фактарам у гэтай справе было пашырэньне Эўрапейскага Зьвязу.

(Плакс: ) “Пасьля пашырэньня Эўразьвязу Беларусь стала памежнай зь ім краінай. Беларусь цяпер – суседка Швэцыі, як гэта ні дзіўна гучыць. А суседзяў трэба ведаць, супрацоўнічаць зь імі праз пашырэньне інфармацыі пра сябе. А што цяпер у Беларусі ведаюць пра жыцьцё ў сучаснай Швэцыі? Амаль нічога. Мы будзем спрабаваць гэты вакуўм запоўніць”.

У першай перадачы прагучала інтэрвію з прадстаўніцай кіраўніцтва швэдзкага радыё, матэрыял пра буйную кніжную выставу ў Гётэборгу, у якой бралі ўдзел і беларусы, а таксама размовы зь людзьмі, што сур’ёзна цікавяцца Беларусьсю. Варта адзначыць, што перадачы міжнароднага швэдзкага радыё не палітычныя, а ў беларускай праграме ня будзе паведамленьняў зь Беларусі. Працягвае Дзьмітры Плакс:

(Плакс: ) “Мы перадаем інфармацыю аб тым што робіцца ў Швэцыі. А ўжо праз размовы аб Швэцыі мы спадзяемся спрыяць дэмакратычнаму разьвіцьцю ва ўсім сьвеце”.

У новастворанай беларускай рэдакцыі працуе цяпер толькі сам спадар Плакс, а паўгадзінная беларускамоўная перадача на пачатку будзе выходзіць раз на два тыдні – наступны выпуск 21 лістапада а 20 гадзіне на кароткіх хвалях на частаце 5830 кілягэрцаў. Пасьля новага году зьявіцца інтэрнэт-старонка беларускай рэдакцыі міжнароднага швэдзкага радыё.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG