Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Разанаў выйшаў з комы, мэдыкі ўстрымліваюцца ад прагнозаў


Ул. інф. Беларускі паэт Алесь Разанаў, ляўрэат прэстыжнай эўрапейскай прэміі імя Ёгана Готфрыда Гердэра па-ранейшаму застаецца ў рэанімацыйным аддзяленьні бонскага шпіталю. Нямецкія мэдыкі ўстрымліваюцца ад прагнозаў, аднак з асьцярожнасьцю сьведчаць пра некаторую пазытыўную дынаміку лячэньня. Паэт ужо выйшаў са стану комы, у якой знаходзіўся некалькі дзён. Першапачатковы дыягназ – абшырны інфаркт – пакуль не здымаецца, але й не пацьвярджаецца. Агульная тэрапія ўскладняецца дадатковым захворваньнем, якое зьявілася днямі –запаленьнем на лёгкія.

Сярод пазытыўных момантаў, на якія ўказваюць лекары, наступны: пасьля некалькіх дзён комы паэт прыйшоў у прытомнасьць і сказаў колькі словаў. Спачатку гэта былі словы па-беларуску. Спатрэбіўся перакладчык. Аднак на наступны дзень Алесь Разанаў ужо cказаў колькі словаў па-нямецку. Гэта добра знак. Бо Разанаў да хваробы свабодна валодаў гэтай мовай.

Ягоная апошняя кніга, якая нядаўна выйшла ў аўстрыйскім выдавецтве называецца “Вортдыхтэ”. Яна напісаная Разанавым па-нямецку. Гэта філязофска-паэтычнае тлумачэньне тых ці іншых нямецкіх словаў беларускімі паэтам. Тэрмін “вортдыхтэ” зьяўляецца свайго роду нямецкім неалагізмам, які стварыў сам Разанаў. У перакладзе гэта альбо “шчыльнасьць словаў”, альбо штосьці кшталту “паэзіі словаў”.

Дадам таксама, што ў нямецкамоўным літаратурным сьвеце Разанаў лічыцца адным з самых папулярных усходнеэўрапейскіх літаратараў. Сёлета ў Нямеччыне й Аўстрыі прайшлі мноства імпрэзаў зь ягоным удзелам. Прычым гэты былі ня толькі паэтычныя вечарыны, але й мерапрыемствы прысьвечаныя гадавіне Шагала. Разанаў браў у іх удзел ня проста як шагалаў зямляк, але і як творца, які, паводле нямецкіх крытыкаў, падобны на свайго вялікага земляка пэўнай містычнасьцю.

Цягам апошніх год эўрапейская крытыка вельмі ўважліва ставіцца да Разанава – бадай, як ні да якога іншага беларускага літаратара. Падкрэсьліваецца, што апошнія пяць год Разанаў працуе вельмі прадуктыўна: у Нямеччыне і ў Аўстрыі выйшлі чатыры ягоныя кніжкі. Гэта– салідны паказчык.

Апошнім часам Разанаў жыве і працуе не ў Беларусі, а ў Нямеччыне, Аўстрыі. У яго статус стыпэндыята. Спачатку, напрыканцы 1990-х, ён атрымаў стыпэндыю (альбо грант) ад эўрапейскай пісьменьніцкай арганізацыі “Гарады прытулку”, якая месьціцца ў Брусэлі. З гэтай стыпэндыяй ён пару гадоў жыў у Гановэры, выдаў вельмі папулярную кніжку “Гановэрскія пунктыры”, і стаў папулярным у нямецкамоўным мастацкім асяродку. Затым яго сталі запрашаць як стыпэндыята розныя іншыя арганізацыі, сярод якіх – літаратурны фонд імя Генрыха Бёля. Да сваёй хваробы Алесь Разанаў меркаваў, што прабудзе ў Нямеччыне да канца гэтага году, а потым вернецца на Радзіму. Зараз сытуацыя невядомая.

Дадам, што, паводле мэдычнага пэрсаналу бонскай клінікі, у гэтыя дні ў шпіталь да Разанава звоняць са многіх краінаў Эўропы і жадаюць беларускаму паэту хуткага выздараўленьня. Мы таксама далучаемся да гэтых словаў.
XS
SM
MD
LG