Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

8 лістапада – дзень нараджэньня Вацлава Ластоўскага


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 7 і 8 лістапада

Спачатку – пра каляндар учорашняе нядзелі.

7 лістапада ў Беларусі афіцыйна адзначаўся Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі. Цікава, што ў Расеі, дзе адбылася згаданая рэвалюцыя, быў Дзень згоды і прымірэньня. Гэта значыць, дзень пераадоленьня наступстваў кастрычніцкага перавароту.

7 лістапада ў розныя гады прыйшлі на сьвет беларускі архітэктар Караль Падчашынскі, які збудаваў палац-рэзыдэнцыю ўсіх віленскіх кіраўнікоў – ад Напалеона й графа Мураўёва да сёньняшняга прэзыдэнта Літвы; паэт Міхась Чарот, найбольш вядомы паэмаю “Босыя на вогнішчы”, ды футбаліст зорнага складу Менскага “Дынама” Сяргей Алейнікаў.

Таксама ў гэты дзень нарадзіліся Марыя Складоўская-Кюры, якая двойчы атрымала прэмію Нобэля ў галіне фізыкі, расейскі рэвалюцыянэр і супернік Сталіна Леў Троцкі, ды францускі пісьменьнік, таксама нобэлеўскі ляўрэат Альбэр Камю.

Цяпер – пра каляндарныя адметнасьці дня сёньняшняга. 8 лістапада ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Зьміцер. “Зьмітраў дзень – зіма лезе на пляцень”, казалі нашыя продкі. А яшчэ: “Сьвяты Зьміцер зямлю выцер, на груды пабіў, каб ніхто не хадзіў” – што сьведчыла пра заканчэньне гаспадарчай актыўнасьці перад зімою.

8 лістапада – дзень нараджэньня Вацлава Ластоўскага. Родам ён з засьценку Калесьнікі Глыбоцкага раёну. Ластоўскі – палітык, выдавец, гісторык і літаратар. Калі пералічыць ягоны жыцьцёвы даробак, можна падумаць, што гэта не адзін чалавек працаваў, а цэлая Акадэмія Навук з цэлым Саюзам Пісьменьнікаў разам узятыя. Мяркуйце самі: ён быў сакратаром рэдакцыі газэты “Наша Ніва”, выдаў першую “Кароткую гісторыю Беларусі”, пасьля быў рэдактарам газэты “Гоман” і часопіса “Крывіч”, пісаў апавяданьні і аповесьці, апублікаваў “Падручны расейска-крыўскі (беларускі) слоўнік” і фундамэнтальную “Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі”, а яшчэ шмат перакладаў. І пры гэтым усім узначальваў урад БНР, за што пры паляках трапіў у турму, працаваў у міністэрстве беларускіх справаў у міжваеннай Літве, у Коўне. Адтуль перабраўся ў Менск, быў дырэктарам беларускага дзяржаўнага музэя. У 1937 годзе савецкія карныя органы выслалі Ластоўскага ў Саратаў і там расстралялі. Было яму на той момант 55 гадоў. Можна толькі ўяўляць, чаго не пасьпеў зрабіць Ластоўскі – чалавек-акадэмія, генэратар ідэяў, надзелены талентам і неверагоднай працавітасьцю.
XS
SM
MD
LG