Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатары Беларускага Сацыяльнага Форуму: “Мы спадзяемся бараніць працоўных, бараніць правы чалавека”


Севярын Квяткоўскі, Менск “Беларускі Сацыяльны Форум” працаваў ад пятага да сёмага лістапада ў спартовым комплексе “Стайкі”, што пад Менскам. Форум – ініцыятыва шэрагу грамадзкіх арганізацыяў ды ініцыятываў, сярод якіх Фэдэрацыя Анархістаў Беларусі, сацыяльны рух “Разам”, рэдакцыя газэты “Навінкі”, арганізацыі “Працоўная моладзь”, “Маладая грамада” ды іншыя з шэрагу тых, што падтрымліваюць ідэі левага кірунку.

У Беларускім Сацыяльным Форуме ўзялі удзел больш за дзьвесьце дэлегатаў з усіх куткоў Беларусі, а таксама госьці з Расеі ды Ўкраіны. Пакуль невядома, чаму не змаглі прыехаць госьці з Заходняй Эўропы, але арганізатары задаволеныя сустрэчай. Гаворыць суарганізатар Форуму, дэпутат Гомельскага гарсавету, прадстаўнік сацыяльнага руху “Разам” Юры Глушакоў:

(Глушакоў: ) “Усе нашыя надзеі спраўдзіліся, бо прыехала шмат удзельнікаў. Гэта моладзь галоўным чынам, але ёсьць людзі сталага ўзросту. Прадстаўнікі самых розных плыняў грамадзкага руху. Самае галоўнае – мы спадзяемся на працу, каб бараніць працоўных, каб бараніць правы чалавека, каб змагацца з гэтым рэжымам на самых розных напрамках”.

Вядома, ня ўсе ўдзельнікі настроеныя гэтак па-рэвалюцыйнаму рашуча. Тым ня менш, некаторыя прысутныя выказвалі думкі пра нараджэньне новае плыні ў беларускім грамадзкім жыцьці. Самі ўдзельнікі Беларускага Сацыяльнага Форуму падкрэсьліваюць, што не працуюць наўпрост з рэлігійнымі, дзяржаўнымі й палітычнымі структурамі, каб сацыяльныя праблемы не выкарыстоўваліся на карысьць карпаратыўных інтарэсаў.

Цягам трох дзён у “Стайках” абмяркоўваліся такія тэмы, як “Мясцовае самакіраваньне”, “Працоўны і прафсаюзны рух”, “Рэформа адукацыі і студэнцкі рух”, “Дзяржаўныя і незалежныя СМІ”, “Рух за правы меншасьцяў”, “Экалягічны рух” ды іншыя.

Арганізатары спадзяюцца, што Беларускі Сацыяльны Форум здолее ператварыцца ў шырокі грамадзкі рух.
XS
SM
MD
LG