Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ужо каторы дзень дзяржаўнае тэлебачаньне ўпарта тыкае нас носам у парушэньні амэрыканцаў на выбарах. Але, прабачце за слова: чыя б карова мычала, а іхняя б памаўчала”.


RFE/RL Водгукі слухачоў – 5 лістапада. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Валянцін Цішко: ) “Ужо каторы дзень дзяржаўнае тэлебачаньне ўпарта тыкае нас носам у парушэньні амэрыканцаў на выбарах. Але, прабачце за слова: чыя б карова мычала, а іхняя б памаўчала. Хочацца задаць пытаньне: а ў вас было лепей? Але ж што тут зробіш. Дзякуй за ўвагу”.

(Спадар: ) “Маё меркаваньне наконт выбараў. Трэба неяк зараз узгадніць кандыдатуру на выбары прэзыдэнта. Можа прапанаваць дачцэ Пятра Міронавіча Машэрава? Я думаю, калі яна пагадзіцца балятавацца ў прэзыдэнты, то падтрымае яе 2/3 грамадзянаў Беларусі, дый частка пэнсіянэраў. І трэба агітаваць цяпер, а ня так як у 2001 годзе, за два месяцы да галасаваньня. Трэба стварыць нармальнае міністэрства, і хай кожны міністар адказвае за сваю галіну. Тады ўсё будзе добра. Былі ж такія як Тэчар, у Фінляндыі прэзыдэнтам жанчына была, у Латвіі, у Швэцыі, Літве прэм’ер-міністрам таксама жанчына была. І тады ў нас усё будзе добра. Дзякуй”.

(Спадарыня: ) “Добрай раніцы, Радыё! З “Нашай Нівы” я даведалася, што з радыё сышоў дырэктар Лукашук. Я вельмі шкадую, бо мне здавалася, што ён зрабіў многа для гэтага радыё: сфарміраваў штаты, сфарміраваў вакол сябе патрыётаў Беларусі, вельмі добра ўсе размаўляюць па-беларуску; вельмі цікавыя зьявіліся праграмы: праграма Бушлякова, праграма паэтаў, пісьменьнікаў, праграмы вашых карэспандэнтаў, якія былі вельмі цікавыя для слухачоў. Шкада, што ён сышоў з радыё. Я лічу, што як кіраўнік ён быў вельмі таленавіты!”

(Спадар: ) “Добры дзень, Радыё Свабода! У мяне ёсьць такая прапанова. Раней, я ведаю, прапаноўвалі рабіць і на расейскай мове частку перадачаў Беларускага Радыё Свабода, але гэта было адхілена. Таму, лічу, ёсьць сэнс зьвярнуцца да рускамоўнага Радыё Свабода, каб яно больш зьвяртала ўвагі беларускаму пытаньню.

На Беларусі адбыўся рэфэрэндум, і расейскія назіральнікі паводзілі сябе несалідна з пункту гледжаньня прыстойнасьці. Яны не заўважылі яўных парушэньняў, якіх было спаўна! І трэба, каб расейцы больш ведалі пра гэта! Чаму? Бо яны могуць атрымаць Чачэнію на захадзе. Яны ўжо маюць Чачэнію на поўначы, дык будзе яшчэ і на захадзе, калі яны так будуць ставяцца да Беларусі, подла і ня вельмі добра. Трэба, каб яны гэта ведалі. Хачу так зьвярнуцца асабіста да расейцаў. Я люблю Расею, люблю расейцаў. Але яны аддалі сваю ўладу гарылам крамлёўскім, праз якіх могуць атрымаць вайну на захадзе, якія маглі б быць лепшымі сябрамі, і да цяперашняга часу былі”.

(Рысевец Уладзімер:) “Колькі словаў пра якасьць перадачаў беларускага Радыё Свабода. Апошнім часам вельмі шырака пайшла расейшчына. Журналісты пхаюць на эфір чынавенства, а чынавенства ўсё грэбуе беларускай мовай, а журналісты чамусьці ня хочуць перакладаць іхнюю балбатню і пускаюць, як расейскую, так і беларускую. Выходзіць, што беларуская Свабода пачынае быць падобнай на расейскую.

Некалькі словаў пра зьмест. Вядома, што дробнае чынавенства ня можа даць нейкай інфармацыі. І вядома загадзя, што нічога гэты чыноўнік ня скажа, і ён будзе, як шахцёры кажуць, гнаць паражняк. І ён гоніць паражняк, а Паспаліта Беларусь слухае гэты паражняк. Таксама хачу сказаць і пра ўсякіх бюджэтнікаў. Хоць ён і не чыноўнік, а бюджэтнік, але ён павінен ведаць беларускую мову”.

(Спадарыня: ) “Мая дарагая Радыё Свабода! Сёньня Беларусь адзначае васьмідзесяцігодзьдзе стварэньня таварыства сьляпых. Цэнтральнае праўленьне і ўрадавыя чыноўнікі разам з Лукашэнкам будуць ушаноўваць сябе, як яны клапоцяцца аб гэтых людзях. Для большасьці сьляпых людзей гэтага сьвята не існуе, бо ўсе разумеюць, што за кошт нас, сьляпых, жывуць чыноўнікі. Атрымліваюць вялікія аклады яны за кошт працоўнага клясу, будуюць сабе дамы, лецішчы, купляюць машыны, забясьпечваюць сваіх дзяцей. А нас, просты люд, папракаюць сьлепатой. З грукаючай хуткасьцю падвышаюцца ў крамах кошты, растуць аклады чыноўнікаў, а нам, сьляпым, выплочваюць дробныя заробкі, якіх хапае толькі на хлеб і малако.

Нашае навагрудзкае прадпрыемства 6 год знаходзіцца ў катастрафічным становішчы. Тут адміністрацыя не паважае сьляпога. Ужо цэлы год мы выпускаем прадукцыю з калючага мэталю, які жахліва разьядае мае рукі. А адміністрацыя сьмяецца з маіх глыбокіх ранаў. І паўгады я атрымліваю заробак меншы, чым іншыя. Але ўсё роўна працягваю адстойваць правы чалавека. Я не ўмею маўчаць. 10 лістапада мінулага году мой рэпартаж на вашым радыё дапамог выратаваць нашае прадпрыемства ад чатырохдзёнкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG