Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дзьмітраўскую бацькоўскую суботу магілёўскія дэмакраты ўшанавалі памяць рэпрэсаваных


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў 6 лістапада ў Магілёве дэмакратычная грамадзкасьць адзначыла праваслаўную Дзьмітраўскую бацькоўскую суботу. Магілёўцы ўшанавалі памяць ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

У Магілёве больш за 15 гадоў існуе традыцыя праводзіць у першыя дні лістапада хвіліну жалобы каля крыжа, усталяванага на месцы масавага зьнішчэньня людзей. Гэта вядомае месца ў абласным цэнтры – яр каля мясакамбінату, дзе ў 20-30-ыя гады мінулага стагодзьдзя расстрэльвалі рэпрэсаваных.

Каб памянуць бязьвінных ахвяраў сталінізму, сёньня прыйшлі да крыжа людзі. Гаворыць Васіль Аўраменка:

(Аўраменка: ) “Пра сваіх продкаў мы сёньня можам узгадаць за вячэрнім сталом альбо на могілках. А пра гэтых людзей, якія ляжаць тут, няма каму ўзгадаць. Гэта людзі, якія не пасьпелі завесьці сем’і, альбо сем’і якіх былі рэпрэсаваны. Гэта наш чалавечы абавязак – узгадаць сёньня гэтых людзей”.

Удзельнікі акцыі ўсклалі да крыжа кветкі, запалілі сьвечкі, а потым прамаўлялі, чыталі вершы, паміналі памерлых. Гаворыць Міхась Булавацкі:

(Булавацкі: ) “Сярод маіх продкаў ёсьць людзі, лёс якіх таксама зламаны савецкай уладай. Ёсьць людзі, якія загінулі на войнах. Тут, на гэтым месцы мы памінаем пакутнікаў савецкай улады”.

У пачатку 1990-х гадоў каля магілёўскага крыжа, усталяванага ў памяць ахвяраў сталінізму, зьбіраліся шматлюдныя мітынгі, а сёньня да крыжа прыйшло каля дзесятку чалавек. Яны гавораць, што гэта ёсьць праява цяперашняй палітычнай сытуацыі. У Беларусі ўсё радзей узгадваюць пра рэпрэсіі. Але нельга забывацца на сваё мінулае, мяркуе Лілія Кузьменка.

(Кузьменка: ) “Трэба памянуць усіх, хто памёр. Гэта добры звычай – памінаць продкаў. Калі мы будзем памінаць продкаў, у нас будзе памяць”.
XS
SM
MD
LG