Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі Эўразьвязу й ЗША правялі ў Варшаве канфэрэнцыю па Беларусі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Варшаве прайшла прадстаўнічая міжнародная канфэрэнцыя “Выпрабаваньні для ўсходняй палітыкі: выбары ў Беларусі і ва Ўкраіне”, у якой узялі ўдзел шэраг вядомых беларускіх і замежных палітыкаў. Сярод галоўных тэмаў канфэрэнцыі – супрацоўніцтва Эўразьвязу й ЗША ў справе дэмакратызацыі Беларусі.

На запрашэньне фундацыі Конрада Адэнаўэра абмеркаваць цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі адгукнулася каля 200 палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў зь Беларусі, Польшчы, Літвы, Нямеччыны, ЗША ды іншых краінаў.

З прамовамі выступілі, сярод іншых, амбасадар ЗША ў Беларусі Джордж Крол і прадстаўніца Рады Эўропы Аніка Вайдэман, якія, ў прыватнасьці, адзначылі, што ідэя дэмакратызацыі Беларусі праз уплыў на Маскву ня мае сэнсу, бо сама Расея ідзе не ў накірунку дэмакратычных зьменаў. Гаворыць лідэр БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Вельмі важна, што і амэрыканскія, і эўрапейскія палітыкі кажуць, што іхнае стаўленьне да Беларусі цяпер практычна не адрозьніваецца, і што гэта павінна быць тое поле для супрацы, дзе не павінна быць разыходжаньняў”.

Сярод канкрэтных захадаў, якія, паводле прысутных, маглі б дапамагчы зьмяніць сытуацыю ў Беларусі – стварэньне новага эўрапейскага радыё, якое б вяшчала на Беларусь.

Віцэ-сьпікер Эўрапейскага парлямэнту Януш Анышкевіч сказаў на гэты конт:

(Анышкевіч: ) “Шанец, што такое радыё паўстане, даволі вялікі. Тым больш, што Беларусьсю апошнім часам даволі актыўна зацікавіліся ЗША. Гэта вельмі важна – мы зможам ўзаемна падтрымліваць адно аднаго ў гэтай справе”.

Віцэ-сьпікер Эўрапейскага парлямэнту Януш Анышкевіч заявіў таксама нашаму радыё, што Эўрапарлямэнт ня будзе супрацоўнічаць з новаабранай Палатай прадстаўнікоў. Гаворыць спадар Анышкевіч:

(Анышкевіч: ) “Эўрапейскі парлямэнт будзе ў цяжкай сытуацыі, бо ў Беларусі ў нас няма партнэра, зь якім можна было б утрымліваць дачыненьні. Зразумела, што тое, што ў беларускай афіцыйнай прэсе завецца новаабраным парлямэнтам, для нас парлямэнтам не зьяўляецца. Мы будзем шукаць спосабаў супрацоўнічаць непасрэдна зь беларускім грамадзтвам і падтрымліваць паўстаньне грамадзянскай супольнасьці. Напрыклад, праз стварэньне новага беларускамоўнага эўрапейскага радыё – гэтую ідэю вельмі падтрымліваюць у Эўрапарлямэнце.

Яшчэ, мы хочам паказаць беларусам, чым насамрэч ёсьць Эўропа і як шмат Эўропа можа для іх зрабіць, калі да яе не паварочвацца сьпіной. І яшчэ – кожны дэпутат Эўрапарлямэнту мае магчымасьць запрашаць на сродкі парлямэнту пэўную абмежаваную колькасьць людзей са сваёй выбарчай акругі ў Брусэль, каб паказаць ім, як усё тут працуе. Я хачу, каб частку гэтых месцаў аддаць беларусам. І я паспрабую пераканаць у гэтым усё кіраўніцтва Эўрапарлямэнту. Беларусы павінны пабачыць, што Эўропа – гэта не такі страшны чорт, якім яе малюе Лукашэнка”.
XS
SM
MD
LG