Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэт Алесь Разанаў – у рэанімацыі ў Нямеччыне


Ул. інф. Беларускі паэт Алесь Разанаў, ляўрэат прэстыжнай эўрапейскай прэміі імя Ёгана Готфыда Гердэра дастаўлены ў рэанімацыю аднаго са шпіталёў у Боне. Нямецкія лекары пакуль ўстрымліваюцца назваць канчатковы дыягназ, але сьведчаць, што лячэньне мае пэўныя складанасьці, паколькі паралельна з асноўным захворваньнем ў пацыента зьявілася запаленьне лёгкіх. Сёньня зь Менску ў Бон да Алеся Разанава прыляцела ягоная жонка Галіна.

Алесь Разанаў, які знаходзіцца ў Нямеччыне на запрашэньне некалькіх культурніцкіх фундацыяў гэтае краіны, лічыцца адным з самых чытальных беларускіх літаратараў у нямецкамоўным сьвеце.

Рэцэнзіі пра ягоныя творы зьмяшчаліся ў такіх уплывовых выданьнях як швайцарская “Neue Zuercher Zeitung”, нямецкая “Frankfurter Allgemeine”, аўстрыйская “Die Presse” ды іншых.

Паводле публікацыяў, найбольшы рэзананс у чытацкіх колах інтэлектуалаў Нямеччыны, Аўстрыі й Швайцарыі выклікаў філязёфска-паэтычны зборнік Разанава “Гановэрскія пунктыры”.

Гэтая кніга выдадзеная ў сталіцы Ніжняй Саксоніі – Гановэры на дзьвюх мовах – беларускай і нямецкай.

У Гановэры Алесь Разанаў жыў і працаваў на працягу некалькіх гадоў як стыпэндыят міжнароднай літаратурнай фундацыі ў Брусэлі “Гарады прытулку”.

Паводле пэрсаналу бонскага шпіталю, гэтымі днямі ў клініцы раздаецца шмат тэлефанаваньняў ад прадстаўнікоў нямецкай літаратурнай грамадзкасьці. Усе яны занепакоеныя станам здароўя таленавітага беларускага паэта і жадаюць яму хутчэйшага выздараўленьня.

Сёньня зь Менску ў Бон да Алеся Разанава прыляцела ягоная жонка Галіна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG