Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васэрман: “Апытаньні ў Агаё і Фларыдзе ў вечар выбараў паказвалі, што Кэры меўся перамагчы ў гэтых двух штатах”


Аляксей Знаткевіч, Прага Другі раз за апошнія чатыры гады на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША былі доўгія чэргі на ўчасткі, а таксама абвінавачаньні ў парушэньнях. Сёлета супярэчнасьці былі нашмат меншыя чым у 2000 годзе, калі Джорджа Буша прызналі прэзыдэнтам толькі пасьля 36 дзён юрыдычнага змаганьня, якое дайшло ажно да Вярхоўнага Суду ЗША. Аднак амэрыканская выбарчая сыстэма выглядае ўсё болей недасканалай у вачах рэшты сьвету. Ці значыць гэта, што роля ЗША, як сымбаля дэмакратыі сканчаецца?

На сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША выбарнікі ў розных штатах скардзіліся на тое, што іх не пускалі на выбарчыя участкі і што іхныя імёны зьнікалі з рэгістрацыйных сьпісаў. Іншыя казалі, што своечасова не атрымалі бюлетэні для галасаваньня поштай, а таксама выказвалі недавер да машынаў, на якіх праводзіцца галасаваньне ў некаторых штатах.

Асабліва гарачыя спрэчкі ішлі ў штаце Агаё, дзе абвінавачваньні ў парушэньнях, непадлічаныя бюлетэні і доўгія чэргі выклікалі затрымку ў абвяшчэньні вынікаў выбараў. Ад галасаваньня ў гэтым штаце залежаў агульны вынік сёлетняй прэзыдэнцкай гонкі.

Пасьля некалькіх гадзінаў нявызначанасьці каманда прэзыдэнта Буша абвясьціла аб ягонай перамозе, хоць на той момант кандыдат ад партыі Дэмакратаў Джон Кэры яшчэ не прызнаў сваёй паразы. Многія назіральнікі за выбарамі выступілі з крытыкай гэтай заявы. Вось што сказаў Гарві Васэрман, аўтар кнігі “Гісторыя Злучаных Штатаў” і рэдактар палітычнага Інтэрнэт-сайту “FreePress.org”

(Васэрман: ) “У гэтых выбарах вельмі турбуе тое, што апытаньні ў Агаё і Флорыдзе ў вечар выбараў паказвалі, што Джон Кэры меўся перамагчы ў гэтых двух штатах. І раптам усё памянялася, і галасаваньне пайшло ў іншым кірунку. Мы лічым, што абсалютна магчыма, што электронныя машыны для галасаваньня далі няправільны вынік. Мы ня можам гэтага адсачыць, бо дзяржсакратар штату Агаё і губэрнатар Фларыды абодва не дазволілі усталяваць машыны для галасаваньня, якія б вялі запіс на паперы”.

Аднак дэлегацыя Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе, якая назірала за амэрыканскімі выбарамі заявіла, што яны ў асноўным адпавядалі міжнародным стандартам. Назіральнікі АБСЭ, як правіла, працуюць у іншых частках сьвету, дзе абвінавачваньні ў карупцыі і фальшаваньнях сталі звычайнымі.

Гэтым разам вялікая група назіральнікаў АБСЭ ўпершыню працавала на выбарах у ЗША. У складзе гэтай дэлегацыі былі і прадстаўнікі Беларусі, а таксама іншых краін былога СССР – Армэніі, Казахстану, Кыргызстану й Расеі.

Кіраўніцтва некаторых постсавецкіх краін вінаваціць АБСЭ ў падвойных стандартах у адносінах да Захаду і Ўсходу. Напрыклад Аляксандар Лукашэнка заявіў, што стандарты выбараў у ЗША для Беларусі непрымальныя.

Чэдвік Гор з Хэльсынскай камісіі ЗША, якая назірае за выкананьнем прынцыпаў АБСЭ ў розных краінах, гаворыць, што стандарты назіраньня за выбарамі ў ЗША не адрозьніваліся ад назіраньня ў іншых дзяржавах. Акрамя таго, Гор падкрэсьліў, што ЗША здольныя прыслухоўвацца да крытыкі.

Напрыклад штат Агаё разглядае магчымасьць зьменаў у сувязі зь сёлетнімі выбарамі, і можа быць, што ўжо на выбарах на роўні штату ў 2006 годзе машыны для галасаваньня будуць мець сыстэму для запісу вынікаў галасаваньня на паперу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG