Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці выкліча сьмерць Ясіра Арафата эскаляцыю гвалту на Блізкім Усходзе?


Сьвятлана Курс, Прага Кіраўнік Палестынскай аўтаноміі Ясір Арафат знаходзіцца паміж жыцьцём і сьмерцю. Між тым аглядальнікі задаюцца пытаньнем: ці ня выкліча сьмерць харызматычнага палестынскага лідэра эскаляцыі гвалту на Блізкім Усходзе? У эфіры “Свабоды” на гэты конт выказваюцца міжнародныя экспэрты.

27 кастрычніка увечары стан здароўя 75-гадовага Ясіра Арафата рэзка пагоршыўся. 28 кастрычніка у Рамалу прыехалі дактары з Эгіпту Тунісу і Ярданіі, якія пасьля агляду падтрымалі рашэньне аб перавозцы Ясіра Арафата у Парыскі вайсковы шпіталь Пэрсі, які вядомы сваім супэрсучасным абсталяваньнем.

29 кастрычніка Арафата перавезьлі ў Парыж. З-за анамальнай колькасьці лейкацытаў у крыві дактары падазравалі рак крыві. Аднак пасьля тэстаў гэты дыягназ не пацьвердзіўся. Хваробу Арафата так і ня вызначылі.

4 лістапада СМІ, у прыватнасьці, CNN, паведамілі аб тым, што Арафат упаў у незваротную кому, галаўны мозг не функцыянуе, а жыцьцё штучна падтрымоўваецца з дапамогай аўтаматаў.

Шэраг ізраільскіх і францускіх мэдыяў абвясьцілі аб сьмерці Арафата.

5 лістапада прадстаўніца палестынскай аўтаноміі ў Парыжы Лейла Шахід заявіла, што Арафат знаходзіцца ў зваротнай коме, а ягоныя жыцьцёва неабходныя органы працуюць без мэханічнай падтрымкі.

Надым Шэхадзі, дасьледчык Блізкага Ўсходу у Каралеўскім інстытуце замежных справаў у Лёндане, выказаў думку ў інтэрвію Радыё Свабода, што сьмерць Арафата ня выкліча эскаляцыі гвалту.

(Шэхадзі: ) “Хаосу ня будзе, бо сьмерць Арафата прадбачылі. Зь іншага боку, на даўжэйшы час няма раўнацэннага наступніка Арафата, лідэра, які б меў крэдыт даверу і ў Палестынскай аўтаноміі, і ў замежжы”.

Між тым газэта “Washington Times” паведаміла, што Арафат фактычна прызначыў сваім пераемнікам Махмуда Абаса, стварыўшы спэцыяльна для яго пасаду намесьніка старшыні палестынскае аўтаноміі.

Шэхадзі выказаў думку, што сьмерць Арафата сур’ёзна пашкодзіць як Палестынскай аўтаноміі, гэтак і працэсу мірнага ўрэгуляваньня на Блізкім Усходзе, у тым ліку плянам ізраільскага прэм’ер-міністра Арыэля Шарона аб аднабаковым зыходзе з сэктара Газы.

Пакуль няма пэўнасьці адносна месца пахаваньня Ясіра Арафата. Сам ён пажадаў ляжаць у Ерусаліме, але супраць гэтага выступае Ізраіль.

Як верагоднае месца пахаваньня называюць таксама сэктар Газы. Палестынскі міністар замежных справаў Набіл Шаах заявіў, што менавіта Ерусалім мусіць стаць месцам пахаваньня Арафата. Аднак ізраільскія афіцыйныя асобы заявілі аб немагчымасьці пахаваньня Ясіра Арафата ў Ерусаліме.

Дэні Рубінстайн, аглядальнік з Ізраілю, лічыць, што Ізраіль ніколі не пагодзіцца пахаваць Ясіра Арафата ў Ерусаліме.

(Рубінстайн: ) “Праблема ў тым, што ягонае пахаваньне ў Ерусаліме набудзе значэньне сымбалю. Ізраіль ніколі не дапусьціць пахаваньня Арафата ў Ерусаліме, бо гэта будзе расцэньвацца так, быццам палестынцы маюць палітычныя правы на Ерусалім”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG