Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сустрэчы амбасадараў НАТО прыняты плян дзеяньняў кантактнага прадстаўніцтва НАТО ў Менску


Тацяна Поклад, Вільня На сустрэчы амбасадараў НАТО у амбасадзе Літвы ў Беларусі прыняты новы плян дзеяньняў кантактнага прадстаўніцтва НАТО ў Менску, у якасьці якога выступае літоўская амбасада. У ліку іншага, плянуецца пашырыць магчымасьці для прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацыяў наведваць Літву і іншыя краіны НАТО.

Амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі распрацавала плян сваіх бліжэйшых дзеяньняў у якасьці кантактнага прадстаўніцтва НАТО ў Беларусі. Учора ў Менску у будынку амбасады адбылася сустрэча амбасадараў краінаў-сябраў НАТО, у часе якога літоўскае прадстаўніцтва інфармавала пра сваю дзейнасьць і будучыя пляны.

Функцыі кантактанай амбасады НАТО – пазнаёміць беларускае грамадзтва з мэтамі і задачамі паўночна-атлянтычнага альянсу, са зьменамі у краінах – новых сябрах альянсу, вырашаць пытаньні агульнай міжнароднай бясьпекі. Распрацаваныя супольныя праекты зь недзяржаўнымі беларускімі арганізацыямі. Плянуюцца кантакты і зь дзяржаўнымі інстытуцыямі.

Гэтая праца ужо пачалася. Амбасадар Літвы ў Беларусі Ёнас Паслаўскас паведаміў, што ужо ладзіліся сустрэчы зь беларускім чынавенствам, на якіх абмяркоўваліся пытаньні адносна альянсу і агульнай міжнароднай бясьпекі, была арганізаваная паездка беларускіх журналістаў і прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў у штаб-кватэру НАТО ў Брусэлі.

На апошняй сустрэчы амбасадараў НАТО ў Менску былі зацьверджаныя прапановы Літвы – вырашана у найбліжэйшым часе арганізаваць наведаньне Літвы й іншых краінаў НАТО і для прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацыяў, і для беларускага чынавенства, прапанаваць лекцыі й сэмінары у беларускіх унівэрсытэтах і для мэтавых групаў. Амбасадары НАТО таксама вырашылі, што неабходна зрабіць незалежнае сацыялягічнае дасьледаваньне ў беларускім грамадзтве і стварыць інфармацыйны цэнтар НАТО ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG