Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка паабяцаў бум турызму і прыгразіў адстаўкамі тым, хто не завабіў у Беларусь замежных турыстаў


Ігар Карней, Менск У Менску пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі адбылася нарада ў пытаньнях турызму. Прэзыдэнт крытыкаваў хаду выкананьня нацыянальнай праграмы разьвіцьця галіны, незрэалізаваныя намеры выкарыстаць транзытнае становішча Беларусі й страчаныя прыбыткі ад няўдалых спробаў прыцягнуць у краіну замежных турыстаў. Пасьля аналізу наступстваў Лукашэнка прыгразіў вінаватым адстаўкамі.

Учора, падчас пешай інспэкцыі цэнтральнай часткі Менску, Лукашэнка паабяцаў турыстычнай галіне сапраўдны бум. Але пакуль што рэальныя лічбы сьціплыя: штогод у Беларусь прыяжджае ў сярэднім 50 тысяч замежнікаў, абсалютная бальшыня зь якіх — транзытнікі ў Расею. За суткі знаходжаньня ў краіне такі турыст у лепшым выпадку пакідае бюджэту сотню даляраў, што ніяк не дазваляе ставіць Беларусь у шэраг з сапраўднымі турыстычнымі краінамі. Статыстыка сьведчыць, што датычна Беларусі выязны турызм у 17 разоў перавышае ўязны, а доля турыстычных паслугаў у аб’ёме валавога ўнутранага прадукту складае мізэрныя 0,06%. А вось у блізкай да Беларусі ў колькасьці насельніцтва Чэхіі гэтая доля складае 8%. Такую дыспрапорцыю Лукашэнка загадаў зламаць.

Прадстаўнікі турыстычнай галіны аптымізму прэзыдэнта на блізкую перспэктыву не падзяляюць. Кіраўнік рэклямна-турыстычнай фірмы “Эдэльвэйс” Іван Кобзік лічыць, што нават экстрэмальны турызм не павінен выключаць элемэнтарных зручнасьцяў. А іх у Беларусі па-ранейшаму няма.

(Кобзік: ) “Для замежных турыстаў узровень камфорту мае вельмі вялікае значэньне. Калі нават замежны турыст хоча прыехаць у беларускую глыбінку, каб падаіць карову, паглядзець, як расьце бульба ці пажыць у драўляным доме на беразе рачулкі, усё адно яму патрэбен душ, прыбіральня”.

Іншыя прадстаўнікі турыстычнай сфэры дадаюць: малюючы яскравыя перспэктывы, іншымі захадамі ўлада іх зводзіць на нуль. Перадусім, маецца на ўвазе праект закону “Аб адзіным турыстычным падатку”. Паводле кіраўніка Беларускага Саюзу турыстычных арганізацыяў Уладзімера Макоўскага, сума меркаванага падатку на кожнага беларускага турыста акрэсьленая ў 15 эўра. Прычым, ад’яжджае чалавек ва Ўкраіну ці ў ЗША, сям’і з чатырох чалавек давядзецца заплаціць дадаткова 60 эўра.

(Макоўскі: ) “Цяпер ідзе дыскусія аб памерах падатковых ставак. Натуральна, што фіскальныя органы — максымалісты. Яны проста так, з галавы, называюць 15 эўра, але без усялякага аналізу. Дзеля справядлівасьці, канчатковае рашэньне яшчэ не прынятае. Зразумела, што бюджэт не павінен згубіць, ён павінен выйграць. Але выйграць мусяць усе”.

Як абвесьціў Аляксандар Лукашэнка, хутка будзе праведзены асобны сход у пытаньнях воднага турызму. Сярод плянаў, узьнятых на абмеркаваньне, як кажа Лукашэнка, “аднаўленьне шляху з варагаў у грэкі, з Балтыкі ў Чорнае мора”. Каб пляны ўвасобіць у жыцьцё, Аляксандар Лукашэнка заклікаў абвесьціць будучую кампанію моладзевай будоўляй, згадаўшы савецкія традыцыі.
XS
SM
MD
LG