Лінкі ўнівэрсальнага доступу

18-ы дзень галадае галоўны рэдактар ваўкавыскай “Местной газеты” Андрэй Шантаровіч


Сяргей Астраўцоў, Горадня Рэдактар гаворыць, што адчувае кволасьць, але пакуль не здаецца. Ён чакае адказу з раённай пракуратуры, якая ўзяла ў яго матэрыялы з фактамі парушэньняў у мінулую выбарчую кампанію. У Ваўкавыску працягвае галадоўку пэнсіянэрка Валянціна Салдатава, і заявілі аб галадоўцы яшчэ дзьве маладыя жанчыны. У Горадні ў спэцпрыёмніку пяты дзень галадае Павал Мажэйка, якога пакаралі тыднёвым арыштам за акцыю пратэсту журналістаў.

Валянціна Салдатава сказала мне па тэлефоне, што яе сёньня наведала доктарка, угаворвала скончыць галадоўку і дала накіраваньне ў паліклініку здаць аналізы. Спадарыня Салдатава пратэстуе супраць вынікаў выбараў у Ваўкавыску. Яна гаворыць, што адчувае кволасьць і ў яе кружыцца галава.

Галадаць у якасьць пратэсту супраць вынікаў выбараў пачала яшчэ адна жыхарка Ваўкавыску Сьвятлана Хасанава. Але яна, як нам удалося высьветліць, зьехала на выхадныя за мяжу. Зьявілася таксама інфармацыя аб галадоўцы беспрацоўнай Натальлі Пянькоўскай. Зьвесткі аб гэтым ускосна пацьвердзіў прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч.

Галадоўнікаў магло стаць болей. Учора на суд у Сьвіслачы гарадзенец Сяргей Мальчык прыехаў з рэчамі, гатовы да арышту і галадоўкі. Але яго і гарадзенца Віктара Сазонава пакаралі вялікімі штрафамі за ўшанаваньне памяці братоў Каліноўскіх, якое адбылося ў Сьвіслачы.

Адным зь першых удзельнікаў палітычнай галадоўкі пратэсту быў Мікола Маркевіч, гэта адбылося ўвесну 1995-га ў Вярхоўным Савеце, дэпутатам якога ён зьяўляўся. Ён стаў ініцыятарам гэтай акцыі пратэсту. Сёньня Мікола Маркевіч — галоўны рэдактар газэты “День”, якая часова не выходзіць. Ён так ацэньвае сёньняшнія галадоўкі пратэсту на Гарадзеншчыне:

(Маркевіч: ) “Гэтыя людзі даюць вельмі вялікі пазытыўны імпульс грамадзтву для змаганьня. Яны сыгналізуюць усім людзям добрай волі пра тое, што тут у Беларусі кепска, што ёй трэба дапамагаць. Якія б ні былі вынікі гэтых галадовак, я іх расцэньваю як вельмі важны элемэнт нашага сёньняшняга жыцьця. Вельмі спадзяюся на тое, што гэтыя дзеяньні людзей, якія не маглі маўчаць, не маглі пагадзіцца з гэтай злачыннай сыстэмай, што яны падымуць людзей. Нават калі гэта будзе ня сёньня і ня заўтра”.
XS
SM
MD
LG