Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шкляначкі ці кубачкі?


Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі "Жывая мова".

У сучаснага празаіка прачытаў пра поліэтыленавую шклянку, а ў газэце – пра папяровыя шкляначкі. Цяжка прыняць такое называньне. Шклянка завецца шклянкаю, бо яна шкляная. Калі ж пасудзіна цыліндрычнае формы не шкляная, а вырабленая зь якога іншага матэрыялу, то называць яе трэба іначай. І тое, што расійскі стакан прыдатны на ўсё, ня значыць, што на ўсе выпадкі прыдатная нашая шклянка.

Пасудзіну, зь якой п’юць, па-беларуску рэгулярна называюць кубкам, кубачкам. Прычым кубак можа быць як з ручкаю, так і безь яе, а вырабляюць кубкі, як вядома, з самага рознага матэрыялу. Кубак – слова сэнсава шырокае, таму яно абсалютна дарэчы для называньня аднаразовага посуду. Вось жа, кубак, кубачак можа быць ня толькі фарфоравы, скажам, ці гліняны, можа быць таксама поліэтыленавы, папяровы. Добрую ілюстрацыю я выпісаў з прозы Ўладзімера Арлова: “У кавярні мы найчасьцей замаўлялі арэхавы лікёр, што, як і ўсё астатняе, там налівалі ў блакітныя плястыкавыя кубачкі – дакладна з такіх частавалі мінэралкаю й ліманадам стуардэсы ўнутраных авіялініяў”.

То ж запомнім: шклянкаю называем па-беларуску толькі шкляную пасудзіну, аднаразовы папяровы, плястыкавы посуд – гэта кубкі, кубачкі.
XS
SM
MD
LG