Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад і адміністрацыя прэзыдэнта праігнаравалі закрыцьцё апошняй сэсіі Палаты прадстаўнікоў другога скліканьня


Уладзімер Глод, Менск 5 лістапада Палата прадстаўнікоў правяла сваё заключнае паседжаньне. У Авальнай залі парлямэнту крэслы, прызначаныя для міністраў і кіраўнікоў прэзыдэнцкай адміністрацыі, засталіся пустыя.

Фармальна дэпутаты другога скліканьня працягваюць свае паўнамоцтвы да 15 лістапада ўключна. Але пленарных паседжаньняў больш не прадугледжана. Дэпутаты заслухалі заключнае слова сьпікера Папова, а пасьля доўга фатаграфаваліся на памяць.

Сябра Палаты Іван Пашкевіч быў абражаны тым, што вышэйшае кіраўніцтва краіны пагардліва паставілася да разьвітаньня з дэпутатамі:

(Пашкевіч: ) “Калі гучаў дзяржаўны гімн, я глядзеў на пустыя месцы, прызначаныя для ўраду нашай краіны. На жаль, ніводзін чыноўнік Савету міністраў, адміністрацыі прэзыдэнта не прыйшоў на закрыцьцё сэсіі Палаты прадстаўнікоў. Гэта яскрава сьведчыць пра адносіны ўладаў да народных абраньнікаў”.

Ніводзін зь сяброў дэпутацкай групы “Рэспубліка” не трапіў у новы склад парлямэнту. На пытаньне, ці вырашыў ён, што будзе рабіць далей, генэрал Валеры Фралоў адказаў:

(Фралоў: ) “Вырашана даўно. Тое ж, што й рабілі”.

(Карэспандэнт: ) “У сэнсе — займацца палітыкай, грамадзкай дзейнасьцю?”

(Фралоў: ) “Так, палітыкай, грамадзкай дзейнасьцю, з той жа самай задачай”.

Сяргей Скрабец зьбіраецца пакідаць радзіму:

(Скрабец: ) “Тут працы я пакуль не магу знайсьці сабе. Вяду перамовы з рознымі сваімі сябрамі, але яны баяцца працаўладкоўваць мяне. Пакуль думаю паехаць працаваць за мяжу”.

Уладзімер Парфяновіч пакуль думае над далейшымі плянамі:

(Парфяновіч: ) “Адкажу на гэтае пытаньне 15 лістапада. Да гэтага часу буду працаваць з выбаршчыкамі й над паперамі”.

Іван Пашкевіч да гэтага часу спадзяецца, што афіцыйныя ўлады зробяць яму нейкую прапанову наконт працаўладкаваньня:

(Пашкевіч: ) “Чакаю ўсё ж такі прапановы ад адміністрацыі прэзыдэнта, магчыма, асабіста ад Аляксандра Рыгоравіча, таму што дзейнае заканадаўства прадугледжвае — дэпутат павінен пайсьці альбо на тую працу, зь якой ён абіраўся дэпутатам, альбо на раўназначную”.

І толькі Ігар Баслык сьцьвярджае, што ў яго ўжо ёсьць пэўны выбар:

(Баслык: ) “Пакуль што сакрэт. Але ж разглядаюцца цікавыя варыянты”.
XS
SM
MD
LG