Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Балота – д’ябальскае стварэньне або дадзенае Богам асяродзьдзе?


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае: археоляг Ніна Здановіч.

“Хаты былі на востраве. Востраў гэты, праўда, ня кожны прызнаў бы за востраў — аб яго ня плёскаліся ні марскія, ні нават азёрныя хвалі. Навокал адно гніла адна куп’істая дрыгва ды моклі панурыя лясы… Багна… адразала востраў ад сьвету мацней, чым гэта маглі б зрабіць абшары вадзянога прастору. Многія дні людзі жылі, як на плыце, які злая нягода адарвала ад берага і занесла ў мора, — трэба чакаць адно калі спадарожны вецер ці лёс зноў падгоніць да зямлі”.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Гэта быў фрагмэнт раману Івана Мележа “Людзі на балоце”. Такім чынам, балота ёсьць аб’ектыўнай рэальнасьцю Беларусі. Балота вельмі часта называюць знакам Беларусі — але ці сапраўды гэта так? Бо дзеля таго, каб стаць знакам, яно найперш павінна стаць складнікам культурнай прасторы краіны”.

(Ніна Здановіч: ) “Хаця паводле паданьня балота — стварэньне ня Боскае, а д’ябальскае (чорт хацеў, як Бог, тварыць сьвет, але ўдавіўся зямлёю і выбляваў яе, ад чаго і стварылася балота), тутэйшыя жыхары ўспрымаюць яго як дадзенае Богам асяродзьдзе, хаця рэагуюць на яго па-рознаму”.

(Ракіцкі: ) “Дык чым жа вызначаецца гэтая рэакцыя — узроўнем інтэлекту, сацыяльным становішчам ці гістарычнымі абставінамі?”

(Здановіч: ) “Можна сказаць, маюць месца ўсе тры аспэкты. Здавалася б, як можна чыста практычна выкарыстоўваць балотную твань? Але ў савецкі час менавіта там было месца для сенакосу ня толькі на Палесьсі, дзе скрозь балоты, але і па ўсёй Беларусі, бо больш прыдатныя месцы былі калгаснымі сенажацямі. А ўзімку балотны алешнік станавіўся крыніцай здабычы дармовых дроваў для печаў: гэтая балотная нарыхтоўчая кампанія працягвалася ўсю зіму”.

(Ракіцкі: ) “Найноўшая гісторыя паказвае, што на дзяржаўным узроўні адносіны да балота былі крыху іншыя — і за савецкім часам бальшавікі найперш змагаліся зь ім”.

(Здановіч: ) “Для калгасаў і саўгасаў балота — гэта патэнцыйныя дадатковыя пасяўныя плошчы, а торф — паліва. Дарэчы, нічога дрэннага не было ў арыентацыі на торф як на крыніцу паліва для электрастанцыяў. Згадайма славутую будоўлю Асінторфу. Шкодзіла толькі залішняя прагматыка ці захапленьне нечым — або асушэньнем, або торфаздабычай”.

(Ракіцкі: ) “Гэта ўсё прыклады прагматычнага (пазытыўнага ці нэгатыўнага) стаўленьня да балота як аб’ектыўнай рэальнасьці. Аднак, мы маем прыклады таго, што менавіта вобраз балота стаў цэнтральным пры стварэньні мастацкіх твораў, тым самым пераўтварыўшыся ў сапраўдны архетып духоўнай культуры беларусаў. I гэта ня толькі “Людзі на балоце” Івана Мележа”.

(Здановіч: ) “Так, гэта і коласаўская “Дрыгва”, і “Дзікае паляваньне караля Стаха” Ўладзімера Караткевіча зь вёскай Балотныя Яліны. Гэта і месца драматычных падзеяў у творах Васіля Быкава “Аблава”, “Воўчая зграя”. Прыклады можна доўжыць. Але пачыналася ўсё гэта, калі хочаце, у “дагістарычны” час, што цудоўна адлюстроўвае наша міталёгія. Ва ўяўленьні беларусаў аж тры нячысьцікі насялялі балоты: Балотнік, Багнік і Аржавенік. У іх існаваньні відаць клясыфікацыя балотаў на тры групы: праходныя, непраходныя і балотная твань, ці “балотныя вокны”. Характар кожнага нячысьціка фармаваўся ў адпаведнасьці з адпаведнымі прыкметамі гэтага балота (злыя, гультаяватыя ці лагодныя)”.

(Ракіцкі: ) “А зьнешні выгляд адпавядаў асяродзьдзю:

“Хоць нікому зь людзей не даводзілася бачыць Балотніка такім, якім ён ёсьць напраўду, аднак, вядома, што ён страшэнны таўстун, зусім без вачэй, увесь у тоўстыым слоі гразі, да якой наліпла ў беспарадку багавіньне, мохавыя валокны, смаўжы, жукі і іншая вадзяная жамяра. Усё гэта разам зь няўклюднасьцю робіць балотніка найбольш пачварным з усіх нячысьцікаў”.

Мне згадваецца яшчэ адна “балотная” істота — Лазавік, ці Лозьнік — хутчэй гарэзьлівае, чым злоснае стварэньне, што атрымала найменьне з-за звычкі будаваць хатку ў лазе сярод балота. Будаваць хатку… Вось тут, дарэчы, падказка таму, што балота стала архетыпам ня толькі духоўнай, але й матэрыяльнай культуры беларусаў”.

(Здановіч: ) “Насамрэч, адзін зь вельмі цікавых відаў традыцыйных рамёстваў — лазапляценьне. Ды і лапці беларусы выкарыстоўвалі як абутак для балота, у часе сенакосаў. У Заходняй Беларусі яшчэ перад вайною іх плялі з традыцыйнага для нас матэрыялу — скураных раменьчыкаў, а не з лазы ці лыка. А вось балотных нячысьцікаў, паводле паданьняў, найболей злавала іншае вынаходніцтва тутэйшых людзей — балотныя лыжы. Уяўляеце сабе: ляжыць сабе нячысьцік на дне балота, а ўверсе па самой твані ходзяць людзі й не правальваюцца да яго?!”

(Ракіцкі: ) “Балоты як прыродны асяродак паўплывалі на гаспадарчую і вытворчую дзейнасьць мясцовага насельніцтва. Мы ўжо з вамі аддалі даніну заслугам балотаў у фармаваньні духоўнай і матэрыяльнай культуры беларусаў. А ці маюць яны канкрэтныя заслугі перад іхнай гісторыяй?”

(Здановіч: ) “Не ў апошнюю чаргу дзякуючы палескім балотам Беларусь пазьбегла мангольска-татарскага нашэсьця ў яго першай, раптоўнай хвалі ў пачатку 13 стагодзьдзя, калі сьпякотным летам конныя войскі не змаглі змаху пераадолець пінскія балоты, і тым самым далі магчымасьць падрыхтавацца да абароны ад наступных навалаў.

А яшчэ балота — апошняе спадзяваньне і надзейная схованка для людзей, якія перасьледуюцца законам ці ворагам. Усім вядома, што і праз паўстагодзьдзя пасьля апошняй вайны беларускія балоты працягвалі служыць домам для тых, хто хаваўся ад уладаў. За савецкім часам у прэсе пэрыядычна зьяўляліся артыкулы пра такіх людзей”.

(Ракіцкі: ) “І беларусы давяралі балоту як сродку абароны?”

(Здановіч: ) “На мой погляд, па-першае, трэба згадаць пра нашыя замкі-кастэлі. Яны будаваліся ня проста ў нізіннай мясцовасьці, як традыцыйна па Эўропе, а менавіта сярод балота. Асабліва відаць, наколькі давяралі беларусы балотам як сродку абароны на прыкладзе Крэўскага замку. Там ёсьць два ўзвышшы, але замак збудавалі на балоце”.

(Ракіцкі: ) “І спадзяваньні спраўджваліся?”

(Здановіч: ) “Безумоўна. Паводле сьведчаньняў гісторыкаў, Лідзкі замак у 14 стагодзьдзі быў захоплены толькі аднойчы, і тое лютай зімою, калі балота замерзла. Па-другое, адзін з самых цікавых і архаічных, традыцыйных рэгіёнаў Беларусі Палесьсе (усходняе і заходняе) сфармаваўся менавіта дзякуючы наяўнасьці балотаў, якія адыгралі ролю своеасаблівага ізалятара, што вельмі файна адлюстраваў Іван Мележ у першых старонках раману “Людзі на балоце”. Згадайма эпізод, калі камсамолец Міканор склікае на талаку глінішчанцаў, каб пабудаваць праз дрыгву плаціну. Але на гэтую талаку ніхто не прыходзіць. А традыцыйна ж беларусы на талаку ўсе прыходзяць. Гэтая ізаляцыя людзям на балоце, хутчэй за ўсё, падабалася.

Па-трэцяе, паколькі паселішчы, якія існуюць сярод балотаў, заўсёды маюць недахоп у прыдатнай для земляробства зямлі, вытворчая дзейнасьць насельнікаў заўсёды базуецца на нечым іншым, стымулюе найчасьцей рамесную, прадпрымальніцкую дзейнасць. Хрэстаматыйны прыклад — вёска Гарадная, што ў Столінскім раёне, дзе сфармаваўся ганчарны цэнтар з адметнай традыцыяй. Дзяўчаты не ішлі замуж за таго, хто ня ўмеў ляпіць гаршчкоў”.

(Ракіцкі: ) “Звычайна прыродная стыхія ўплывае на фармаваньне нацыянальнага характару таго ці іншага народу. А вось, на ваш погляд, ці паўплывала балота як прыродная стыхія зь яе характарыстыкамі на псыхалёгію беларусаў?”

(Здановіч: ) “Найперш, балотная глеба — гэта ня тупкая зямля. Яна няпэўная: станавіся ды азірайся. На мой погляд, абачлівасьць назіраецца і ў характары беларусаў. Яны не сьпяшаюцца давярацца іншым ці спадзявацца на авось. Беларусы азіраюцца і абдумваюць кожны свой крок: а раптам там дрыгва? Дарэчы, і тое, што Беларусь стала краінай-партызанкай, гэта ідзе ў пэўнай ступені ад характару беларуса: схаваліся, выйшлі, зрабілі што трэба — і зноў схаваліся”.

(Ракіцкі: ) “Балота дазваляла беларусам выжыць?”

(Здановіч: ) “Безумоўна”.

(Ракіцкі: ) “Але, спадарыня Ніна, мы вельмі часта ўспрымаем слова “балота”, асабліва калі яно выкарыстоўваецца ў філязофскім ці пераносным сэнсе, са знакам мінус, як слова абразьлівае. Прыкладам, калі ўжываецца яно як мэтафара псыхалёгіі нацыі ці вобразу краіны…”

(Здановіч: ) “Я прапанавала б усім паразважаць над думкаю пра балота, выказанаю Пятром Васючэнкам у адным з эсэ: з аднаго боку, на балоце нельга пабудаваць нічога трывалага, надзейнага, але зь іншага — балота практычна немагчыма зьнішчыць. Засыпанае ў адным месцы, яно абавязкова ўзьнікне як бы зьніадкуль у іншым. I калі яно такім чынам характарызуе беларусаў і адлюстроўвае іхны лёс, то ў нас ёсьць прычыны быць аптымістамі, а не пакрыўджанымі ці зьняважанымі такой мэтафарай”.
XS
SM
MD
LG