Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сіманіцкі Млынок на Гомельшчыне


Ягор Маёрчык, Сіманіцкі Млынок. Лельчыцкі раён Гомельшчыны (эфір 1 лістапада). Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

(Баба Каця: ) “Хадзі, сынок! Як бы мала мы ні стаялі, але лепей пасядзець. Так?”

(Карэспандэнт: ) “Так. Праўда што. Давайце”.

(Баба Каця: ) “Магчыма, я нешта паганае скажу, табе гэта трэба будзе выкінуць, каб на цябе там не сварыліся”.

(Карэспандэнт: ) “Добра. Дамовіліся!”

Баба Каця ўжо даўно сабралася паміраць. На ейнай магіле некалі будзе два помнікі. Адзін — самі могілкі, другі паставяць пасьля пахаваньня. Увесь Сіманіцкі Млынок памятае, што васямнаццаць год таму кабеціна супольна з мужам (цяпер ужо нябожчыкам), агарадзілі вясковы нэкропаль. За гэта бабу Кацю ў паселішчы любяць і паважаюць. Праўда, сёньня частка таго плоту яшчэ стаіць, а частка ўжо ляжыць.

(Баба Каця: ) “Як яно там усё пападала, на гэтым і хана! І нікому яно ня трэба”.

(Карэспандэнт: ) “А ў сельсавет зьвярталіся?”

(Баба Каця: ) “Былі выбары. Прыехаў старшыня і кажа: да Радаўніцы абавязкова зробім! Пасьля зноў на выбары прыехалі. Яны нават па сялу не хадзілі. Яны папросту сказалі: “Мы прыехалі, каб вы нас пабачылі, а прагаласуюць і бяз вас. Вашая вёска нічога моцнага ня зробіць, нават калі й не прагаласуе”.

(Карэспандэнт: ) “Няўжо так і сказалі?!”

(Баба Каця: ) “Так! Мы ім зноў кажам: “Калі могілкі загародзіце?” Кажуць: “Да Радаўніцы”. Да Радаўніцы не зрабілі, паабяцалі да 9 траўня. Мо, шчэ дваццаць сем “дзявяттраўняў” пройдзе, а іх так і не загародзяць”.

(Карэспандэнт: ) “Зазначылі, што паганага казаць ня будзеце. Няўжо нешта ёсьць паганае ў вашым куточку?”

(Баба Каця: ) “Ой! Колькі хочаш і якога хочаш! Трактар будзе патрэбны, дык ня вельмі хочуць яго даваць. То “баба, дай салярку”, то “баба, дай электроды”. Нібы тая баба ведае, што такое электроды. А то “дай, баба, нам ланцугі на трактар, бо іх у нас няма”. У нас была моцная паводка. Вады было па частакол! Мы зьвярнуліся да сельсавету. Тыя прыехалі. Ды нешта там пісалі-пісалі для сябе. Напісалі, а нам, можна сказаць, што дулю далі”.

Старастай у Сіманіцкім Млынку — загадчыца крамы Вольга Захарыч. Сама яна нетутэйшая, у гэтых краях аб’явілася восем год таму. Раённая вэртыкаль папрыглядалася да яе, а пасьля ўзяла дый абцяжарыла спадарыню грамадзкаю нагрузкаю. З Вольгаю Захарыч мы гутарым пра ўсё тыя ж могілкі.

(Захарыч: ) “Гэта адвечная праблема. Нібыта яны павінны быць ужо загароджаны, тыя могілкі. Час ад часу нам выдзяляюць будматэрыялы. Жэрдкі дадуць. Яны дзесьці ляжаць, гніюць. І зноў чакаем да наступнага разу. Цьвікоў няма. А хто іх будзе набываць за свае грошы? Адно дадуць — іншага няма. Другое дадуць — першае пагніло”.

(Карэспандэнт: ) “Ці праўда, удакладніце, калі ласка: выдзелілі вам і цьвікі, і жэрдкі, але пасьля меркавалася, што па гэтай дарозе будзе ехаць Лукашэнка, і пагарадзілі платы ўздоўж дарогі”.

(Захарыч: ) “Так, было такое. Гэта быў загад сельскага савету. Такія ў нас парадкі ў раёне”.

Мой прыезд у Млынок супаў з ад’ездам вясковых дзяцей на аздараўленьне ў паўднёвую эўрапейскую краіну. Гэта дзякуючы таму, што ў Лельчыцкім раёне Гомельшчыны яшчэ дзейнічаюць дабрачынныя “чарнобыльскія” праграмы.

У вёсцы ўсяго тры вуліцы. Я прабіраўся па адной зь іх. Менавіта прабіраўся, бо асфальту тут няма, і мае ногі вязьлі ў брудным пяску. Праз плот сваёй сядзібы за пакутамі вандроўніка назірае Натальля Рыжая.

(Натальля Рыжая: ) “О-то сёньня дзеці ў Італію паехалі! Паўжыцьця на гэтым згубіла! Колькі людзям грошай вінная! Колькі я папаезьдзіла, пакуль пазьбірала дакумэнты! Я шматдзетная маці: чацьвёра дзяцей і пятым цяжарная”.

(Карэспандэнт: ) “Дзяцей цяжка гадаваць?”

(Натальля Рыжая: ) “Цяжка. Адныя дзіцячыя чаравікі каштуюць 80 тысяч. А трэба яшчэ нешта набываць есьці. Ужо хаджу і пазычаю хлеб у людзей. І хата ў мяне такая нядобрая, што няможна глядзець”.

(Карэспандэнт: ) “А чаго гэта яна ў вас такая?”

(Натальля Рыжая: ) “Згарэла. Я ў сельсавет ужо зьвярталася, каб выдзелілі субсыдыю. Сельсавет нічым не дапамог. Ой! Нашая вёска зусім закінутая і забітая: ніхто сюды ня едзе, нікому мы не патрэбныя”.

(Карэспандэнт: ) “А як людзі ставяцца да ўладаў, да тых, што наверсе: да раённых, да прэзыдэнта?”

(Натальля Рыжая: ) “А мы тых прэзыдэнтаў і ня ведаем! Сюды яны ня езьдзяць! Каб зайсьці да таго Мірановіча ў Лельчыцах, трэба дзень прастаяць і могуць цябе не пусьціць”.

(Карэспандэнт: ) “Вы жывяце цяжка. А гэта не спыняе, каб больш не нараджаць дзяцей?”

(Натальля Рыжая: ) “Так ужо атрымалася. Не хацела. А мужык кажа: “Раджай”!

(Карэспандэнт: ) “Ці п’юць людзі ў Млынку?”

(Натальля Рыжая: ) “Выпіваем калі-некалі. Ад гэтага ня трэба адмаўляцца”.

(Карэспандэнт: ) “А вы калі апошні раз?”

(Натальля Рыжая: ) “Я сёньня выпіла”.

(Карэспандэнт: ) “Нібыта цяжарным жанчынам ужываць алькаголь нельга…”

(Натальля Рыжая: ) “Ня так часта я ўжо і п’ю. Я трошку”.

(Карэспандэнт: ) “А трошкі можна?”

(Натальля Рыжая: ) “Можна. Так можна радыяцыю забіць”.

(Карэспандэнт: ) “А няўжо алькаголем можна забіць радыяцыю?”

(Натальля Рыжая: ) “А чо не? Яшчэ як!”

У Італію выправіла свайго сына і Сьвятлана Вага. Яна, як і бальшыня тутэйшых маладых кабетаў, беспрацоўная. Сям’я трымаецца адно на мужавым заробку і выплатах на дзяцей. Гаспадыню такое становішча не задавальняе. Разам з сужэнцам і нашчадкамі яна плянуе шукаць лепшае долі.

(Карэспандэнт: ) “Хацеў запытацца, як жыцьцё ў Млынку?”

(Вага: ) “О-о-ой!”

(Карэспандэнт: ) “Як у вас цяжка атрымалася ўздыхнуць!”

(Вага: ) “Мы адсюль зьбіраемся зьяжджаць. Туды, бліжэй да Менску, там, дзе Лукашэнка езьдзіць. Там добрыя багатыя калгасы — вось туды трэба ехаць і жыць. Каб быў такі калгас, дзе можна ўладкавацць, каб мужу была праца і каб я хоць прыбіральшчыцай пайшла. А тут жонкам няма дзе рабіць. Толькі і спадзяесься, што на ягады і на грыбы. Вось так трохі і выжываем”.

Сіманіцкі Млынок знаходзяцца на самым ускрайку Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”. Калектыўная гаспадарка даўно ўжо памерла. Пасьля чаго лес у жыцьці вяскоўцаў пачаў адыгрываць ўдвая большую ролю. Нешматлікім, каму пашчасьціць, ён дае працу ў тутэйшым лясьніцтве. А тым, каго лёс абдзяліў, гэты самы лес не дазволіць памерці з голаду. Зьбіраньне грыбоў ды ягадаў даўно стала надзейнаю крыніцаю напаўненьня страўніка і гаманца.

Я сустрэўся зь лясьнічым Славам Хільчанкам, каб задаць адно толькі пытаньне:

(Карэспандэнт: ) “Памятаю такое было, што людзей за тое, што яны зьбіралі грыбы ды ягады, лавілі ды штрафавалі. Маўляў, гэтыя грыбы ды ягады патрэбныя жывёлам. Цяпер такое ёсьць ці не?”

(Слава Хільчанка: ) “Няма такога. Раней быў запаведнік, а цяпер зрабілі Нацыянальны парк. Ягады можна зьбіраць, але ў вызначаны час. Калі іх можна зьбіраць з 15 верасьня, значыць зьбірайце з 15 верасьня! Але іх зьбіраюць ня ў верасьні, а ў жніўні!”

Ад вёскі да цэнтру сельсавету Тонежа — блізу дваццаці кілямэтраў. Значна бліжэй знаходзіцца іншае буйное паселішча, Сіманічы. Нават паводле назову Млынок — Сіманіцкі. Гэтае акалічнасьці, праўда, ніхто не ўлічыў, калі наразалі сельсаветы. Насельнікі Млынку да сёньня пакутуюць ад той памылкі.

Пры мікрафоне Алена Рыжая:

(Алена Рыжая: ) “Хуткую” выклікаем, ды няможна рады дабіцца. Наогул, з “хуткай” вельмі цяжка. Тэлефануем у Сіманічы — нам гэты шпіталь бліжэйшы. “Вы адносіцеся да Тонескага сельскага савету. Тэлефануйце ў Тонеж!” Тэлефануем у Тонеж: то паліва няма, то машына зламаная, то лекар некуды паехаў. Тэлефануем у Лельчыцы. Лельчыцы кажуць, што “калі Тонеж патэлефануе, што ня можа прыехаць, тады мы прыедзем”.

(Карэспандэнт: ) “А той жа сельсавет… Там жа старшыня ды дэпутат ад вашае вёскі. Сюды прыяжджаюць? Пра вашыя праблемы запытваюцца?”

(Алена Рыжая: ) “Калі яны прыяжджаюць?! Прыяжджаў старшыня, дык ніхто нікому не сказаў. Ніхто нават ня ведаў, што яны прыедуць”.

У пэнсіянэркі Валянціны Мацюшэнкі дні, тыдні й нават месяцы заслужанага адпачынку праходзяць альбо на градах, альбо — і гэта здараецца значна радзей — на шпітальным ложку. Старая таксама абураецца адміністрацыйна-геаграфічнай недарэчнасьцю — аддаленым сельсаветам. А бабу Валю турбуе і лёс шпіталю ў Сіманічах. Яна дзеліцца самай апошняй чуткай:

(Мацюшэнка: ) “Шпіталь зачыняць і зладзяць там дом састарэлых. А нам, як прыйдзецца, трэба будзе ехаць у Лельчыцы. Трыццаць кілямэтраў! Былі такія выпадкі: калі б ня гэты шпіталь, да Лельчыцаў чалавека не завёз бы. Прыехала нявестка з сынам. У яе астма. Здарыўся прыступ. Калі б яшчэ дзесяць хвілінаў, ёй бы былі канцы! Пасьпелі машынаю завезьці ў Сіманічы. Там зрабілі прышчэпку, і чалавек застаўся жыць. А так бы не давезьлі”.

У далейшай размове Валянціна Мацюшэнка абвяргае міт пра тое, што прысядзібная гаспадарка ёсьць харчовым паратункам і дапамагае эканоміць грошы.

(Карэспандэнт: ) “Пэнсія як?”

(Мацюшэнка: ) “Госпадзі! 100 тысяч”.

(Карэспандэнт: ) “На што ідзе?”

(Мацюшэнка: ) “На гаспадарку. Усе сёньня дарагое. Возяць камбікорм — 99 тысяч мяшочак на трыццаць кіляграмаў. Трымала парася, ужо не магу. Курам набыць мех зерня, трэба аддаць 14 тысяч”.

А тым часам лесьнікова жонка Натальля Хільчанка набрала ў студні вядро вады й крочыла зь ім да сваёй хаты. Пабачыла, як баба Валя дае першае ў сваім жыцьці інтэрвію, і прыпынілася.

(Карэспандэнт: ) “А вы чым займаецеся?”

(Натальля Хільчанка: ) “Нічым. Сяджу дома зь дзіцём. У нас два парнікі”.

(Карэспандэнт: ) “Што вырошчваеце?”

(Натальля Хільчанка: ) “Агуркі вырошчваем на продаж”.

(Карэспандэнт: ) “І шмат такім чынам можна зарабіць?”

(Натальля Хільчанка: ) “Толькі на жыцьцё. Усё дарагое: і ў харчаваньні, і ў вопратцы. Нават сокі дзіцяці не дазваляеш набыць. А што тыя “дзіцячыя”? На 100 тысяч ці пракорміш сям’ю і гаспадарку?”

(Карэспандэнт: ) “Ёсьць у нашае праграмы такая частка — мясцовая кухня. Што людзіць ядуць? Паводле якіх рэцэптаў яны гэта робяць? Можа, вы якім рацэптам падзеліцеся?”

(Натальля Хільчанка: ) “Паводле якога рацэпту я раблю агуркі? Па-простаму і па-баўгарску. Кроп, часнок, маленькія агуркі заліваюцца алеем. Кіпяціцца яшчэ 15 хвілінаў. І пасьля закатваецца ў літровыя жбанкі. Вось і ўсё”.

Хутка шляхам Хільчанкаў могуць пайсьці іншыя сем’і Сіманіцкага Млынку. Досьвед суседняга Столінскага раёну Берасьцейшыны паказвае, што на агурках можна ня толькі выжыць, але і ўзбагаціцца. Зноў жа — адрозна ад худобы, храбусткая прадукцыя есьці штодня ня просіць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG