Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці законна трапіў у сябры Савету Рэспублікі кіраўнік Менску Міхаіл Паўлаў?


Юры Сьвірко, Менск Каб мясцовы савет абраў кагосьці сябрам верхняй палаты Нацыянальнага сходу, таму трэба пражыць на адпаведнай тэрыторыі ня менш за пяць гадоў. Старшыня Менскага гарвыканкаму Міхаіл Паўлаў, прызначаны на гэтую пасаду 17 сакавіка 2000 году, таксама стаў сябрам Савету Рэспублікі ад Менску, хаця ані зьвесткі ягонай біяграфіі, ані супрацоўнікі сталічнага гарвыканкаму не пацьвярджаюць, што ён жыве ў горадзе вызначаны Выбарчым кодэксам тэрмін.

Гомельскую вобласьць у Савеце Рэспублікі будзе прадстаўляць Анатоль Малафееў — былы першы сакратар ЦК КПБ і экс-сьпікер Палаты прадстаўнікоў, які на Гомельшчыне не жыве ўжо больш за пятнаццаць гадоў. Падчас вылучэньня ягонай кандыдатуры згадалі, што ён жыў там у маладосьці й тады, калі кіраваў абкамам кампартыі, таму Выбарчы кодэкс нібыта не парушаны. Але вось што сказаў Радыё Свабода былы старшыня Савету Рэспублікі Аляксандар Вайтовіч:

(Вайтовіч: ) “Тут вельмі шмат казалі нядаўна пра ЗША, але ў іх жа ў Сэнат ідуць людзі, якія жывуць у штаце. А ў нас, я лічу, паколькі гэта такая палата, якая прадстаўляе рэгіёны, там павінны быць людзі, якія жывуць у гэтых рэгіёнах — ня проста там калісьці ў дзяцінстве ці юнацтве ці яшчэ калі пражылі там пяці гадоў, а жывуць цяпер”.

Яшчэ адным сябрам Савету Рэспублікі стаў старшыня сталічнага гарвыканкаму Міхаіл Паўлаў, які заняў сваю пасаду ў сакавіку 2000 году, а да таго ў Менску ня жыў. Прынамсі, тагачасны прэм’ер-міністар Уладзімер Ярмошын, прадстаўляючы дэпутатам гарсавету свайго пераемніка на пасадзе кіраўніка сталіцы, назваў спадара Паўлава “чалавекам збоку”.

Паводле афіцыйнай біяграфіі Міхаіла Паўлава, ён нарадзіўся ў Магілёўскай вобласьці, скончыў Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут. Вучыўся ў Маскве, працаваў у Баранавічах. Згадак пра жыцьцё спадара Паўлава ў Менску ў біяграфіі няма.

Аддзел кадраў гарвыканкаму таксама ня змог адшукаць патрэбныя пяць гадоў пражываньня ў сталіцы. Прэсавая сакратарка гарадзкога выканкаму Алена Аўрынская ўвогуле сказала, што й прапіску ў Менску спадар Паўлаў атрымаў зусім нядаўна:

(Аўрынская: ) “Прапіска — гэта адно, а жыве ён болей, чым прапісаны. Таму што ў яго не было кватэры. Прапіска сапраўды пазьней была, таму што ён быў бескватэрны, гэта я ведаю”.

У Цэнтарвыбаркаме ад камэнтароў адмовіліся, хаця, паводле супрацоўнікаў Менскага гарсавету, Цэнтральная выбарчая камісія мусіла праверыць адпаведнасьць кандыдатаў у Савет Рэспублікі нормам Выбарчага кодэксу. Былы кіраўнік верхняй палаты Аляксандар Вайтовіч камэнтуе гэта так:

(Вайтовіч: ) “У нас парушаць закон — гэта так прынята. Чаго тут зьдзіўляцца?”

(Карэспандэнт: ) “Калі вы былі сьпікерам Савету Рэспублікі, Паўлава прызначылі ўказам прэзыдэнцкім, так? І пяці гадоў ня трэба было?”

(Вайтовіч: ) “Так, указам. Ня трэба было”.

Самога спадара Вайтовіча з Савету Рэспублікі адклікаў сваім указам Аляксандар Лукашэнка — афіцыйнай прычынай назвалі тое, што сьпікеру было больш за 65 гадоў, таму ён нібыта ня мог знаходзіцца на дзяржаўнай службе. Аднак сябрам Савету Рэспублікі застаўся старэйшы за яго Мікалай Чаргінец, прызначаны ў верхнюю палату такім жа прэзыдэнцкім указам, як і спадар Вайтовіч.
XS
SM
MD
LG