Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дні Чырвонай кнігі ў Менскім заапарку


Іна Студзінская, Менск У Менскім заапарку падчас восеньскіх канікул праходзяць дні Чырвонай кнігі. Распачаліся яны са знаёмства з даволі экзатычнымі для Беларусі жывёламі – леапардам ды амурскім тыграм. А ў пятніцу і суботу дзеці бліжэй будуць знаёміцца з рэдкімі жывымі істотамі, якія водзяцца ў Беларусі.

Ці шмат ў заапарку жывёлаў, якія занесеныя ў Чырвоную кнігу? Існуе дзьве Чырвоныя кнігі – Міжнародная Чырвоная кніга і Чырвоная кніга Беларусі. У Менскім заапарку ёсьць даволі экзатычныя прадстаўнікі Міжнароднай Чырвонай кнігі – леапард, амурскі тыгр, кубінскі ўдаў, пітон-альбінос, чарапаха прамяністая. Ёсьць дзевяць жывёлаў з Чырвонай кнігі Беларусі, сярод якіх – зубр, эўрапейская рысь, буры мядзьведзь, чарапаха балотная, філін, арлан белахвосты.

Супрацоўнікі заапарку прыдумалі вельмі цікавую і забаўляльную праграму, каб пазнаёміць дзетак з рэдкімі прадстаўнікамі фаўны. Распавядае Натальля Паршута, загадчыца асьветніцкага сэктару Менскага заапарку:

(Паршута: ) “Праводзім вясёлыя віктарыны, ставім казачныя спэктаклі, малюнкі дзеці малююць, прыдумваюць міні-апавяданьні, вершы менавіта пра гэтых жывёлаў, якія занесеныя ў Чырвоную кнігу. У нас там то “балота пасіўнасьці”, то “выспа песень”. А чаму праграму назвалі “Па сьцяжынках, па дарожках” – па сьцяжынках ходзяць зьверы. А мы, людзі, прыходзім па дарожках да гэтых зьвяроў, якія жывуць у заапарку, і пратоптваем дарожкі дабра, вясельля, добрага настрою, станоўчых эмоцыяў”.

А ці ведаюць гарадзкія дзеці наагул пра рэдкіх жывёлаў, пра Чырвоную кнігу? Паводле меркаваньня супрацоўніцы заапарку Натальлі Паршуты, прыкладна ў паловы дзяцей, якія наведваюць заапарк, вельмі цьмяныя ўяўленьні пра Чырвоную кнігу. Дакладней, што гэта за кніга, яны ведаюць, а вось хто занесены – называюць у лепшым выпадку пару-тройку істотаў. Дый наагул, экалягічная, прыродаахоўная адукацыя нашых дзетак пакідае жадаць лепшага.

(Карэспандэнтка: ) “Ты ведаеш, што такое Чырвоная кніга?”

(Хлопчык: ) “Гэта вельмі рэдкія віды жывёл, якія зьнікаюць з жывой прыроды, якіх трэба зьберагаць”.

(Карэспандэнтка: ) “А якіх ты ведаеш жывёлін з Чырвонай кнігі?”

(Хлопчык: ) “Зубра”.

(Голас: ) “Гэта тыя жывёліны, якіх трэба аберагаць, таму што больш такіх відаў ня будзе”.

(Голас: ) “У Чырвоную кнігу занесены жывёлы, якія рэдка сустракаюцца ў прыродзе”.

(Карэспандэнтка: ) “А якіх рэдкіх жывёлаў вы ў заапарку бачылі?”

(Голас: ) “Ваўкоў, буслоў, ліс, мядзьведзяў бурых”.

(Голас: ) “Буслоў”.

(Голас: ) “Неясыць, грыф, арлан-белахвост, зубр і тыгр яшчэ быў…”

Як мы чулі, у Чырвоную кнігу дзеці “заносяць” нават вельмі распаўсюджаных у Беларусі буслоў. На жаль, з-за нястачы памяшканьняў пры заапарку пакуль няма магчымасьці арганізаваць гурткі, але шмат дзяцей з задавальненем, добраахвотна дапамагаюць даглядаць жывёлаў, нават прыбіраць тэрыторыю заапарку. На думку Натальлі Паршуты, загадчыцы асьветніцкага сэктару заапарку, і дзецям, і дарослым варта прыходзіць сюды.

(Паршута: ) “Дакранаючыся да жывой прыроды, да тых, хто жыве на абмежаванай тэрыторыі, у клетках, самі з добрым настроем, і гаворачы ім добрыя словы, што яны самыя прыгожыя, самыя лепшыя – самі атрымаеце добры зарад. Настрой палепшыцца і ў вас. І ствараючы гэту добрую аўру, мы будзем падаўжаць жыцьцё і гэтым жывёлам, і працягваць усё добрае на зямлі”.

Напэўна, лепш сустракаць зьвяроў у жывой прыродзе, а ня ў клетках ды вальерах. Але, да прыкладу, зубр, які жыве ў заапарку – стары, хворы, з пашкоджанымі рагамі, і наўрад ці ён выжыве ў жывой прыродзе. Дый драпежнікаў ды гадаў лепш паказваць дзецям у вальерах ды тэрарыюме.
XS
SM
MD
LG