Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 лістапада стартуе “Беларускі Сацыяльны Форум”


Севярын Квяткоўскі, Менск Форум працягне працу да 7 лістапада. БСФ – ініцыятыва шэрагу грамадзкіх арганізацыяў, сярод якіх Фэдэрацыя Анархістаў Беларусі, рух “Разам”, Беларуская Ліга Лямбда, рэдакцыя газэты “Навінкі”, арганізацыя “Працоўная моладзь” і “Маладая грамада” ды іншыя, што падтрымліваюць левыя ідэі.

Чаму новы рух спрабуюць стварыць менавіта па-за палітычнымі партыямі? Справа ў тым, што Беларускі Сацыяльны Форум задуманы як рэалізацыя ў беларускіх умовах ідэяў Глябальнага Сацыяльнага Форуму, які ўпершыню ладзіўся ў Бразыліі ў 2001 годзе. Паводле прынцыпаў Сацыяльнага Форуму, у ягонай працы ня могуць удзельнічаць ані дзяржаўныя ўстановы, ані палітычныя партыі, ані рэлігійныя канфэсіі. Прынцып уведзены дзеля таго, каб сацыяльныя праблемы не выкарыстоўваліся на карысьць карпаратыўных інтарэсаў. Вось што заявіў суарганізатар Форуму Паўлюк Канавальчык:

(Канавальчык: ) “Вырашэньне праблемаў, якія стаяць зараз перад грамадзянамі нашай краіны, не ляжыць у плоскасьці існуючых палітычных партыяў. Тым больш існуючага палітычнага рэжыму ў Беларусі”.

Якімі канкрэтна надзённымі праблемамі зьбіраюцца заняцца маладыя левыя беларусы? Сярод заяўленых тэмаў: “Мясцовае самакіраваньне”, “Працоўны і прафсаюзны рух”, “Рэформа адукацыі і студэнцкі рух”, “Дзяржаўныя і незалежныя СМІ”, “Рух за правы меншасьцяў”, “Экалягічны рух” ды іншыя.

Удзельнікі заплянаванай на сёньня сустрэчы прытрымліваюцца левых поглядаў – тым ня менш, панятак “левы” вельмі шырокі. Вядома, левы рух у сьвеце мае мноства плыняў ды адценьняў. Нават партыі пад адной назвай у залежнасьці ад сытуацыі ў канкрэтнай краіне маюць розныя спосабы дзеяньня. Вось як характарызуе сучасную беларускую дзяржаву суарганізатар Форуму, дэпутат Гомельскага гарсавету, прадстаўнік сацыяльнага руху “Разам” Юры Глушакоў:

(Глушакоў: ) “Мы бачым дзяржаву, як супольнага капіталіста. Існуючую мадэль лічым намэнклятурным ці бюракратычным капіталізмам. Мы насамперш супраць антысацыяльнай палітыкі, якая ажыцьцяўляецца ня толькі ўрадам, але ўсёй існуючай сыстэмай наогул”.

Па словах Юр’я Глушакова, першапачатковая задача Беларускага Сацыяльнага Форуму – стварыць каардынацыю паміж зацікаўленымі арганізацыямі ды ініцыятывамі, а ў пэрспэктыве – стварэньне грамадзянскага руху.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG