Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле аналітычнай справаздачы экспэртаў ААН, у Беларусі адсутнічае сацыяльная роўнасьць паміж мужчынамі й жанчынамі


Галіна Абакунчык, Менск У Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце прэзэнтаваная справаздача дасьледаваньня становішча жанчын Беларусі у справе рэалізацыі іхных правоў і магчымасьцяў. Праца праведзеная навукоўцамі ЭГУ ў рамках адмысловага праекту Праграмы разьвіцьця ААН “Спрыяньне пашырэньню грамадзкага ўплыву жанчын у Рэспубліцы Беларусь”. Паводле экспэртаў, сацыяльная роўнасьць паміж мужчынамі й жанчынамі ў Беларусі дэкляруецца, але не выконваецца.

Якія факты дыскрымінацыі жанчын выявілі дасьледчыкі? Перадусім, гэта аплата працы. Натуральна, што наўпрост жанчынам не паніжаюць іхныя заробкі, але яны працуюць у самых нізкааплатных сфэрах: у сыстэме аховы здароўя – 71% жанчын, у культуры – 79%, і ў адукацыі – 84%. Паводле афіцыйнай статыстыкі, заробкі ў гэтых галінах на 20% ніжэйшыя, чым, да прыкладу, на вытворчасьці ці ў адміністрацыйным сэктары.

У справе працаўладкаваньня наймальнік аддае перавагу мужчынам – пра гэта сьведчаць зьвесткі з біржаў працы, дзе колькасьць зарэгістраваных жанчын большая за мужчын. Надзвычай малая колькасьць жанчын займаюць кіроўныя пасады ў бізнэсе, на вытворчасьці, у сельскай гаспадарцы й палітыцы.

Нават так званае абраньне ў Палату прадстаўнікоў 31 жанчыны не выратуе становішча – кажуць аўтары справаздачы. Бо дасьледаваньні сьведчаць, што чым вышэйшая адказнасьць у прыняцьці рашэньняў, тым менш у гэтых сфэрах прысутнічаюць жанчыны. Да прыкладу, у склад савету міністраў уваходзяць толькі тры жанчыны, амбасадарамі працуюць дзьве, і ніводная не ўзначальвае нават кіраўніцтва абласной вэртыкалі, хоць паводле адукацыйнай характарыстыкі перавагу маюць жанчыны: дыплямаванымі спэцыялістамі ёсьць 52% жанчын і толькі 26% – мужчыны. Вось як гэткае становішча пракамэнтавала каардынатарка праекту ААН Вольга Янчук:

(Янчук: ) “У нас усё добра з гледжаньня афіцыйнай статыстыкі: роўныя правы й ніякай дыскрымінацыі. Але насамрэч у нас патрыярхальны ўклад дзяржавы. Існуюць некаторыя законы, скіраваныя на выпраўленьне гэткага становішча, але амаль на ўсе мерапрыемствы не хапае грошай, бо гэта не прыярытэтны накірунак разьвіцьця дзяржавы”.

Аналягічнае дасьледаваньне 2-3 гады таму на замову міжнародных арганізацыяў праводзіў Беларускі Хэльсынскі камітэт. Прэсавы сакратар БХК Зьміцер Маркушэўскі сьцьвярджае, што зробленыя іхнымі дасьледчыкамі высновы маюць амаль аднолькавыя фармулёўкі й лічбы, што прыведзеныя й адмыслоўцамі праекту ААН. Гэта значыць, што сацыяльнае становішча жанчын у Беларусі цягам шэрагу гадоў застаецца нязьменна дыскрымінацыйным – кажа Зьміцер Маркушэўскі.

(Маркушэўскі: ) “Працягвае захоўвацца такое становішча жанчын з прычыны падтрыманьня патрыярхальнасьці – і з боку грамадзтва, якое не імкнецца да роўнасьці, і з боку дзяржавы, якая ня робіць ніякіх цывілізаваных захадаў, каб гэткае становішча выправіць”.
XS
SM
MD
LG