Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Скрабец: “Свае функцыі як дэкарацыі Палата выканала”


Уладзімер Глод, Менск 5 лістапада адбудзецца закрыцьцё апошняй сэсіі Палаты прадстаўнікоў другога скліканьня. Згодна з традыцыяй, парлямэнтары падвядуць вынікі сваёй працы. Што гэта была за Палата? Як можна характарызаваць яе працу?

5 лістапада Палата завяршае свае пленарныя паседжаньні, хаця дэпутацкія паўнамоцтвы за яе сябрамі застаюцца да 15 лістапада. Мяркуецца, што яшчэ 10 дзён дэпутаты правядуць за працай у сваіх акругах і парлямэнцкіх камісіях. Хаця, зразумела, для тых дэпутатаў, якія не трапілі ў новы склад Палаты, гэта ўжо будзе завяршэньне парлямэнцкай дзейнасьці.

Як працаваў гэты своеасаблівы парлямэнт? Вось як адказвае на гэтае пытаньне кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” Сяргей Скрабец:

(Скрабец: ) “Канечне, сказаць, што Палата нічога не зрабіла – гэта было б няпраўдай. Бо законы, якія нам у Палату даваліся, прымаліся. Але такіх законаў, якія б уплывалі на разьвіцьцё грамадзкай супольнасьці, якія б паляпшалі жыцьцё нашых грамадзянаў, такіх няшмат было. Свае функцыі як дэкарацыі Палата выканала. Тое, што ад яе было патрэбна ў нашых умовах, яна рабіла. Што трэба было выканаўчай уладзе, тое прымала, што ня трэба – тое не прымала”.

Сяргей Скрабец прадстаўляе ў Палаце дэпутацкую групу “Рэспубліка”. Шчыра кажучы, у мяне асабіста не было адчуваньня, што ў паслухмянай першапачаткова Палаце зьявіцца ўласная апазыцыя. Спачатку ніякіх апазыцыйных імкненьняў у лідэраў “Рэспублікі” Скрабца, Парфяновіча, Фралова не было. Але само жыцьцё ўплывала на іх. Асабліва – паездкі за мяжу, дзе яны пабачылі, якімі велізарнымі паўнамоцтвамі валодаюць іхныя калегі ў Вялікай Брытаніі, Чэхіі, ЗША, Польшчы ды іншых краінах. А пра тое, як зьмянілася Палата прадстаўнікоў пасьля ўтварэньня групы “Рэспубліка”, гаворыць спадар Скрабец:

(Скрабец: ) “Калі ўзьнікла гэтая група, дык неяк ажывілася ў парлямэнце жыцьцё. Людзі даведаліся, што ёсьць дэпутаты, якія змагаюцца за іх правы. Гэта вельмі важна. Бо раней парлямэнт пагардліва называлі палаткай. Ніхто ня ведаў, хто там сядзіць, што яны там робяць. Мы паспрабавалі зрабіць так, каб нашыя дзеяньні сталі адкрытымі. І нават адзін раз у Палаце прайшло паседжаньне апазыцыі”.

Якія далейшыя пляны прадстаўнікоў групы “Рэспубліка”? Дакладна я буду ведаць пра гэта літаральна праз дзьве гадзіны, калі пабачу іх усіх. Нагадаю, што апошнім часам у “Рэспубліцы” стала заставалася шэсьць асобаў. Пяць зь іх, акрамя Ўладзімера Рэзьнікава, спрабавалі зноў балятавацца ў парлямэнт. Але ўлады зрабілі ўсё, каб, так бы мовіць, перакрыць ім кісларод. Ну а пра асабістыя пляны Сяргея Скрабца нашыя слухачы зараз пачуюць – але спачатку хачу нагадаць, што спадар Скрабец два тыдні таму зьвярнуўся да прэзыдэнта Пуціна з просьбаю прадаставіць яму палітычны прытулак.

(Скрабец: ) “Тут працы я пакуль не магу знайсьці сабе. Няма адказу з Масквы. Пакуль думаю паехаць працаваць за мяжу. Вяду перамовы з рознымі сваімі сябрамі, але яны баяцца працаўладкаваць мяне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG