Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Спадзяюся, што мы знойдзем свайго лідэра, які аб’яднае нас, як аб’ядналася зараз Украіна”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 2 і 3 лістапада. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

2 лістапада

(Лусевіч Міхаіл: ) “Зь вялікай увагай назіраю за выбарамі ва Ўкраіне. І на вашае пытаньне адказваю: безумоўна, Юшчанка. Спадзяюся, што ўкраінцы здолеюць вырвацца з абдымкаў Расеі і з таго, што робіцца зараз на так званай постсавецкай прасторы. Яны, напэўна, могуць атрымаць шанец, які атрымалі прыбалты, і нарэшце накіравацца ў Эўропу. Але ўзьнікае наступнае пытаньне: калі ж у нас зьявіцца хоць нешта падобнае да сытуацыі ва Ўкраіне і той жа самай былой Югаславіі? Няўжо ў нас так і ня знойдзецца чалавек, які здольны аб’яднаць? Няўжо знойдуцца толькі людзі, якія здольныя будуць заклікаць да нейкіх палітычных авантураў, і людзі, якія здольныя толькі ганіць сваіх былых паплечнікаў, казаць, што ўсе кругом хлусяць, акрамя яго самога? Я спадзяюся, што мы не застанемся ўсё ж такі апошняй краінай і ўсё ж такі мы абярэм шлях да свабоды і знойдзем свайго лідэра, які аб’яднае нас, прынамсі так, як аб’ядналася зараз Украіна. Дзякуй”.

(Спадар: ) “Я сёньня глядзеў Юнакі, вёску Юнаковічы ў Віцебскай вобласьці. За што толькі яны галасавалі за Лукашэнку? Такія страшныя там дамы, якіх, мусіць, і пасьля вайны не было. Навошта толькі гэтага дыктатара нашага выбіралі?”

(Уладзімер: ) “Добры дзень, паважаная Свабода! На вашае пытаньне, хто лепшы: Юшчанка ці Януковіч. На мой погляд, абое рабое, бо адзін прагне ўлады і другі прагне ўлады. А кошт можа быць – расколатая дзяржава. Таму самае лепшае рашэньне: адмовіцца ад барацьбы ад прэзыдэнцтва, выбраць новых кандыдатаў. Гэта цяжка, але гэта ёсьць прыкмета сьпеласьці нацыі”.

3 лістапада

(Спадар: ) “Паважанае спадарства! Сёньня мы прыйшлі да магілы Васіля Быкава, каб прыняць удзел у адкрыцьці помніка Васілю Быкаву з каменя зь Фінляндыі. Васіль Быкаў пісаў праўду аб вайне, якую распачалі два дыктатары: Гітлер і Сталін. Абодва дыктатары імкнуліся перахітрыць адзін аднаго, супрацоўнічалі цесна. Гэта супрацоўніцтва прывяло да вайны, праўду аб якой хаваюць па сёньняшні дзень. Быкаў гэтую праўду паказваў таленавіта, проста. Прадстаўніка ад улады няма, бо ім не даспадобы творчасьць Быкава зь яго акопнай праўдай, не даспадобы і яго грамадзянская пазыцыя ў постсавецкія часы на Беларусі.

Сьпі спакойна, шаноўны Васіль Уладзімеравіч! Праўда на нашым баку! І таму перамога будзе за намі!”

(Спадар: ) “У мяне такое пытаньне да Свабоды. Вы абвінавачваеце Лукашэнку ў зьнікненьні людзей. Але як я толькі на падставе вашых фактаў, чытаньні газэтаў, магу лічыць, што чалавек вінаваты ў зьнікненьні гэтых людзей?”

(Спадарыня: ) “Я хачу сказаць ня тое, хто мне падабацца альбо не: Кэры ці Буш. Але мая інтуіцыя падказвае, што пераможа Буш, а ва Ўкраіне пераможа Януковіч. І гэта, наогул, ня вельмі добра. А потым будзе ўзмацненьне рэпрэсіўных мераў у Беларусі”.

(Бэнжамін Муткар: ) “Я галасаваў за Буша. Чаму? Ён гарой стаіць за габрэяў. А вось адносінаў Джона Кэры да габрэяў я проста ня ведаю. Усяго вам добрага”.
XS
SM
MD
LG