Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыку чакае “рэспубліканскі парадак дня”?


Алеся Сёмуха, Вашынгтон Тыя, хто спадзяваўся на зьмены ў выніку сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў – расчараваныя і аналізуюць прычыны паразы. Тыя ж, хто аддаў свой голас за прэзыдэнта Джорджа Буша, сьвяткуюць перамогу. Абодва лягеры, аднак, яднае адчуваньне задаволенасьці з таго, што вынікі выбараў сталі вядомыя на наступны дзень.

Але рэспубліканскі лягер, апроч сьвяткаваньня, мае і вялікія спадзяваньні на тое, што дэмакратычная мяншыня ў Кангрэсе будзе цяпер больш згаворлівая.

Спрэчны характар выбараў 2000 году і тое, што тагачасны прэтэндэнт ад дэмакратаў Ал Гор набраў больш галасоў выбаршчыкаў, чым Буш, адымала пэўную маральную долю легітымнасьці ад прэзыдэнцтва Буша папярэдніх чатырох гадоў.

Сёлетняя прэзыдэнцкая перамога і нават ўмацаваньне, а нават значнае пашырэньне ўлады рэспубліканцаў у абедзьвюх палатах Кангрэсу, дае гэтай партыі ўпэўненасьць і, як заявіў віцэ-прэзыдэнт Чэйні, мандат амэрыканскага народу на правядзеньне рэспубліканскага парадку дня.

Што ж рэспубліканскі парадак дня можа азначаць для Амэрыкі?

Найбольшыя зьмены чакаюцца ў сфэры эканомікі. Найперш– гэта замацаваньне заканадаўства, якое зьмяншае падаткі: індывідуальныя, карпаратыўныя і на прырост капіталу.

Адначасова гэта будзе суправаджацца і ростам дзяржаўнага дэфіцыту за кошт затрат на вайну ў Іраку.

Рэспубліканцы, аднак, спадзяюцца, што пэрманэнтнае зьніжэньне падаткаў дасьць моцны штуршок эканоміцы і інвэстыцыям ды ўмацуе амэрыканскі даляр.

Рэспубліканцы таксама паспрабуюць правесьці праз Кангрэс важны для іх закон па энэргетыцы, які дазволіць эксплёатацыю нафтавых рэзэрваў Аляскі і зьменшыць патрабаваньні да карпарацый па пераапрацоўцы адкідаў вытворчасьці.

Наагул, чакаецца большая лаяльнасьць да бізнэсу, і меншая – да індывідуальных спажыўцоў і працаўнікоў.

На фотаздымку: Д.Чэйні, віцэ-прэзыдэнт ЗША
XS
SM
MD
LG