Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папярэднія выснова АБСЭ: выбары ў ЗША былі праведзеныя ў дэмакратычнай традыцыі


Алеся Сёмуха, Вашынгтон 4 лістапада ў будынку Нацыянальнага прэс-клюбу ў Вашынгтоне адбылася прэсавая канфэрэнцыя прадстаўнікоў місіі АБСЭ, якая была запрошаная ўрадам ЗША назіраць за прэзыдэнцкімі і парлямэнцкімі выбарамі ў Амэрыцы. Упершыню ў гісторыі амэрыканскіх выбараў за імі назірала місія АБСЭ.

Старшыня назіральнай місіі Барбара Гарынг і чатыры ейныя калегі прадставілі папярэднія высновы і рэкамэндацыі місіі, аснаваныя на назіраньні за перадвыбарчым і выбарчым працэсамі ў паасобных штатах ЗША. Канчатковая разгорнутая справаздача будзе прадстаўленая праз шэсьць тыдняў.

Паводле спадарыні Гарынг і ацэнкі місіі, выбары 2 лістапада ў ЗША ў асноўным адпавядаюць абавязацельствам, узятым на сябе ЗША паводле Капэнгагенскага пагадненьня 1990 году. Выбары прайшлі ў атмасфэры доўгай дэмакратычнай традыцыі, у тым ліку вяршынства закону, вольнай і прафэсійнай прэсы і грамадзянскай супольнасьці, якая ўдзельнічае ва ўсіх аспэктах выбарчага працэсу.

“Прысутнасьць прадстаўнікоў місіі АБСЭ ў краіне з такой разьвітай дэмакратычнай традыцыяй, як ЗША, – сказала спадарыня Гарынг, – надае і ЗША і місіі АБСЭ ў справе нагляду за выбарчым працэсам больш даверу. Адначасова, гэта мэханізм палепшыць выбарчую практыку, а ў гэтым ёсьць патрэба нават і ў ЗША”.

Сярод рэкамэндацый місіі АБСЭ галоўная заключаецца ў тым, каб уніфікаваць заканадаўствы ўсіх штатаў ЗША ў галіне выбарчага працэсу, каб усе штаты мелі аднолькавы падыход да крытэрыяў па рэгістрацыі выбаршчыкаў, правілаў выдачы, праверкі й падліку часовых бюлэтэняў, праверкі асобы выбаршчыка і галасаваньні тымі, хто знаходзіцца за межамі краіны. Таксама адной з рэкамэндацый місіі АБСЭ ёсьць уніфікацыя заканадаўстваў штатаў што да дазволу прысутнасьці міжнародных назіральнікаў.

На пытаньне, які прыём атрымалі назіральнікі АБСЭ на выбарчых участках, спадарыня Гарынг адказала, што яна была прыемна ўражаная адданасьцю і жаданьнем працаўнікоў выбарчых участкаў, правесьці ўвесь працэс як мага лепей. “Мы, у Швайцарыі, можам толькі павучыцца гэткай адданасьці дэмакратычнаму працэсу”, сказала на завяршэньне старшыня назіральнай місіі АБСЭ Барбара Гарынг.
XS
SM
MD
LG