Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш як 3 мільёны штрафу – за ўшанаваньне памяці Каліноўскага


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў горадзе Сьвіслачы адбыўся суд над гарадзенцамі Сяргеем Мальчыкам і Віктарам Сазонавым. Судзьдзя Аляксандар Шылін палічыў іх віннымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсьці з выкарыстаньнем бел-чырвона-белых сьцягоў ў Сьвіслачы 31 кастрычніка, калі адбылося ўшанаваньне памяці братоў Каліноўскіх.

Кожнага з пакараных аштрафавалі на 70 базавых велічыняў, гэта — 1 мільён 680 тысяч рублёў. Спадар Мальчык узначальвае гарадзенскую абласную арганізацыю партыі БНФ, а спадар Сазонаў — гарадзенскую гарадзкую арганізацыю БСДГ.

У судзе сёньня былі разгледжаны па два пратаколы на Сяргея Мальчыка і Віктара Сазонава — за ўдзел у шэсьці і за выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі. 31 кастрычніка каля трыццаці чалавек наведалі ў Сьвіслачы магілу брата Кастуся Каліноўскага Віктара і ўсклалі кветкі.

Так адбываецца ў гэты час штогод, удзельнікі затым накіраваліся да бюста Кастуся Каліноўскага. Тут зьявіліся міліцыянты. Неўзабаве ўдзельнікі згарнулі сьцягі, але міліцыянты затрымалі трох чалавек з Горадні — спадароў Мальчыка, Сазонава і Саранчукова. Вадзім Саранчукоў у суд сёньня не прыехаў, бо хадзіў да доктара.

Трэба сказаць, што ніхто не чакаў, што міліцыя будзе ўмешвацца. Папярэднія восем гадоў у Сьвіслачы рэгулярна адзначалі фэст, прысьвечаны памяці братоў Каліноўскіх, і міліцыя ніколі не перашкаджала. Сяргей Мальчык лічыць, што затрыманьні, суд — лягічна вынікаюць з вынікаў рэфэрэндуму.

(Мальчык: ) “Нам дакладна вядома, што тут у Сьвіслачы падчас гэтага мерапрыемства былі супрацоўнікі КГБ з Горадні, яны кіравалі ўсім. Гэта адчувалася і па дзеяньнях міліцыі, і мы нават бачылі, як яны ад’яжджалі ў Горадню. І самі супрацоўнікі міліцыі, калі мы размаўлялі зь імі ў пастарунку, гаварылі: вы самі разумееце — якія цяпер часы. Яны баяцца грамадзкай і палітычнай актыўнасьці людзей”.

Віктара Сазонава і Сяргея Мальчыка ў судзе прадстаўляў Валянцін Стэфановіч з праваабарончага цэнтру “Вясна”.

(Стэфановіч: ) “Я лічу, што віна не даказана па артыкуле 167-прым-1, што тычыцца шэсьця, і па 167-прым-2 тым больш — што тычыцца карыстаньня незарэгістраванай сымболікай. Паколькі відаэматэрыял не паказаў, што Мальчык і Сазонаў гэтыя сьцягі трымалі. Паказаньні сьведкаў-міліцыянтаў былі блытаныя, ніхто зь іх ня мог з дакладнасьцю сьцьвярджаць, што яны карысталіся сьцягамі”.

На здымку: Сяргей Мальчык і Віктар Сазонаў (зьлева направа) у сьвіслацкім судзе. Аўтар фота С. Астраўцоў.
XS
SM
MD
LG