Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдат у прэзыдэнты Ўкраіны прэм’ер В. Януковіч адмовіўся ад тэледэбатаў зь В.Юшчанкам, а ЦВК звольніў начальніка кампутарнай службы


Валер Каліноўскі, Кіеў Украінскі прэм’ер Віктар Януковіч сёньня адмовіўся ад прапановы свайго суперніка ад апазыцыі Віктара Юшчанкі наконт тэледэбатаў. Януковіч спаслаўся на тое, што у свой час прадстаўнікі Юшчанкі і ён сам выказваліся некарэктна на ягоны адрас, аблівалі брудам.

“Пра што мне зь імі гаварыць, адказваць ім іх мовай? Я магу гэта зрабіць, але як гаворыцца, адзін на адзін”,– заявіў Януковіч. Ён сказаў, што мае намер адказваць апанэнтам ня словамі, а справамі, “штодзённа і кругласутачна працуючы дзеля дабра грамадзтва”.

Нагадаем, раней лідэр блёку “Наша Ўкраіна” Віктар Юшчанка прапанаваў Януковічу правесьці прадугледжаныя законам тэледэбаты, і тры украінскія каналы ўжо заявілі, што гатовыя іх трансьляваць.

Другі тур прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне адбудзецца 21 лістапада, ЦВК Украіны дагэтуль не падвёў канчатковы вынік папярэдняга першага тура 31 кастрычніка.

Кіраўнік ЦВК Украіны Сяргей Ківалаў сёньня звольніў начальніка сваёй кампутарнай службы, паклаўшы на яго віну за марудны падлік галасоў. На гэты час падлічана 97,67% пратаколаў, згодна зь імі ў першым туры 39,88% выбаршчыкаў прагаласавала за Януковіча, 39,22% – за Юшчанку.
XS
SM
MD
LG