Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што азначае перамога Буша для сусьветнай эканомікі, курсу амэрыканскага даляра й цэнаў на нафту?


Сьвятлана Курс, Прага За перамогай Джорджа Буша фінансісты прагназуюць далейшы рост коштаў на энэрганосьбіты й падзеньне курсу даляра. Чакаецца, што Буш ня толькі папоўніць, але й істотна пашырыць стратэгічныя нафтавыя рэзэрвы ЗША.

Падчас першага прэзыдэнцкага тэрміна Джорджа Буша даляр упаў на 21%.

А з 2003 году, калі Джон Сноў ачоліў Міністэрства фінансаў, ЗША даляр штомесяц падаў на 0,7% у адносінах да эўра і на 0,6% у адносінах да японскай іены.

“Пераабраньне Джорджа Буша нэгатыўна скажацца на даляры ў даўгатэрміновай пэрспэктыве, – кажа Джым О’Ніл, кіраўнік аддзелу па дасьледаваньні глябальнай эканомікі “Goldman Sachs Group” у Лёндане.

Ён прадказвае, што даляр імкліва ўпадзе ў найбліжэйшыя паўгода да 1,32 эўра.

Танас Папасавас з сусьветнай фінансавай структуры “Credit Suisse Asset Management” адзначыў, што даляр будзе падаць і надалей, паколькі дэфіцыт бюджэту ЗША будзе расьці.

Падчас перадвыбарчае кампаніі Джордж Буш абяцаў напалову зьменшыць дэфіцыт фэдэральнага бюджэту, які сягнуў у гэтым фінансавым годзе 545 мільярдаў даляраў.

Стэфан Шнайдэр, вядучы эканаміст дасьледчага цэнтру “Deutsche Bank” у Франкфурце-на-Майне, заявіў:

(Шнайдэр: ) “Даляр будзе заставацца пад уціскам, бо відавочна, што сытуацыя з дэфіцытам бюджэту будзе не такой простай у найбліжэйшыя пару гадоў, хаця Буш і абяцаў скараціць дэфіцыт напалову, але я лічу, што гэта наўрад ці рэальна з пункту гледжаньня законаў эканомікі і асабліва расходаў, напрыклад, на вайну з тэрорам”.

Аднак, на думку Шнайдэра, у блізкай будучыні ня варта чакаць сур’ёзнага крызысу даляру. “Эканоміка ЗША пастаянна расьце, бо ў шмат якіх рэгіёнах сьвету дзяржавы падтрымліваюць даляр са сваіх уласных інтарэсаў”, – сьцьвярджае нямецкі экспэрт.

Іншы эканаміст, Адрыян Отнад з Інстытуту эканомікі й грамадзтва ў Боне, кажа, што дэфіцыт бюджэту ЗША больш сур’ёзная праблема, чым здаецца на першы погляд.

(Отнад: ) “Я думаю, што адміністрацыя Буша рызыкуе патрапіць у сур’ёзныя непрыемнасьці, калі яны не скароцяць дэфіцыт бюджэту ў найбліжэйшы час, паколькі гэта выкліча сур’ёзную рэакцыю на фінансавых рынках. Я думаю, што фіскальная палітыка ў ЗША ня будзе асабліва мяккаю”.

ЗША надалей застаецца самы буйным спажыўцом энэрганосьбітаў на плянэце, і будзе заставацца ім надалей. Таму ў агляднай пэрспэктыве кошт на нафту будзе расьці.

Такім чынам, міжнародныя інвэстары не чакаюць ад адміністрацыі Буша строгай фінансавай дысцыпліны і ня вераць у найбліжэйшыя пэрспэктывы даляра, чакаючы далейшага падзеньня.
XS
SM
MD
LG