Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На 15-ы дзень галадоўкі Мікола Аксаміт быў шпіталізаваны і спыняе галадоўку, але іншыя галадаюць далей


Валер Каліноўскі, Менск На 15 дзень галадоўкі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў жыхар Ваўкавыску Мікола Аксаміт быў шпіталізаваны, пасьля чаго прыняў рашэньне спыніць сваю акцыю. Тым часам да галадоўкі далучаюцца іншыя.

У сераду Мікола Аксаміт, які галадаваў два тыдні, з прычыны праблемаў зь ціскам і сэрцам выклікаў хуткую дапамогу. Яго шпіталізавалі, увялі глюкозу і параілі спыніць галадоўку, бо яе працяг быў бы небясьпечны для жыцьця. Спадар Аксаміт сёньня пачаў выхад з галадоўкі. Ён лічыць сваю акцыю патрэбнай. Іншай магчымасьці для выказваньня пратэсту няма, кажа спадар Аксаміт.

(Аксаміт: ) “Дзякуючы гэтай галадоўцы пра ўсе гэтыя парушэньні, а парушэньні — гэта так мякка сказана, я лічу, што гэта злачынства, цяпер гэта ведае ўвесь горад, і ўвесь горад гэтым абураецца. Так што хоць гэтая мэта дасягнутая. Я ня меў ніякіх ілюзіяў, ідучы на галадоўку, што ўлады прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці тых людзей, якія гэта рабілі. Самі ж сябе яны судзіць ня будуць”.

Мікола Аксаміт адмовіўся ад шпіталізацыі. Тым часам да галадоўкі ў Ваўкавыску далучылася Сьвятлана Хасанава, якая працуе дыспэчарам у прыватнай службе таксі Мікалая Аўтуховіча. Падставай для яе галадоўкі стала абурэньне рэпартажамі Беларускага тэлебачаньня, у якіх дыскрэдытавалася фірма Мікалая Аўтуховіча.

Сам Мікалай Аўтуховіч кажа, што жанчына прыняла гэтае рашэньне, не параіўшыся зь ім. Ён зьбіраецца дабівацца справядлівасьці іншымі мэтадамі, але не выключае, што і сам пачне галадоўку.
XS
SM
MD
LG