Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці суполка прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці пазбавілася памяшканьня


Алег Супрунюк, Берасьце Актывісты прафсаюзу лічаць, што гэта ёсьць ня толькі працягам перасьледу іхнай арганізацыі, але і помстай за ўдзел у сёлетняй выбарчай кампаніі.

Кіраўніца берасьцейскай арганізацыі прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Зінаіда Міхнюк сёньня ня здолела трапіць на сваё рабочае месца. Памяшканьне гэтай арганізацыі знаходзіцца ў будынку, які належыць абласному аб’яднаньню Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Адказныя супрацоўнікі аб’яднаньня паведамілі спадарыні Міхнюк, што дамова аб арэндзе памяшканьня скасаваная, бо арганізацыя, якую яна ўзначальвае, ужо ня мае дачыненьня да Фэдэрацыі прафсаюзаў.

Зінаіда Міхнюк мяркуе, што такое стаўленьне да прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці тлумачыцца ейным актыўным удзелам у парлямэнцкіх выбарах.

(Міхнюк: ) “Тое, што адразу пасьля выбараў у маім рабочым памяшканьні спачатку зьмянілі нумар тэлефону, быццам на больш якасны, а цяпер апячаталі дзьверы гэтага памяшканьня, я ня зьвязваю з тым, што на апошнім паседжаньні прэзыдыюму Фэдэрацыі прафсаюзаў усё ж такі адпусьцілі наш радыёэлектронны прафсаюз у незалежны. Я мяркую, што гэта больш зьвязана з тым, што я балятавалася ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу”.

Спадарыня Міхнюк не выключае, што пазбаўленьне памяшканьня можа быць падставай для юрыдычнай ліквідацыі ўсёй прафсаюзнай арганізацыі, у якую цяпер уваходзяць каля сотні чалавек, што працуюць на прадпрыемствах Берасьця.
XS
SM
MD
LG