Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: “Мы апэратыўна падрыхтавалі віншаваньні для прэзыдэнта Буша”


Альгерд Невяроўскі, Менск Беларускія палітыкі працягваюць камэнтаваць абраньне Джорджа Буша прэзыдэнтам ЗША. Наш карэспандэнт зьвязаўся зь лідэрам АГП Анатолем Лябедзькам, былым міністрам абароны Паўлам Казлоўскім і старшынём Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандрам Ярашуком.

Аб’яднаная грамадзянская партыя ўжо падрыхтавала віншаваньне з нагоды перамогі Джорджа Буша на прэзыдэнцкіх выбарах і Рэспубліканскай партыі на парлямэнцкіх выбарах. Гаворыць лідэр АГП Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Мы апэратыўна падрыхтавалі віншаваньні для прэзыдэнта Буша. Мы таксама накіроўваем свае віншаваньні й камандзе рэспубліканцаў, якія атрымалі перамогу на парлямэнцкіх выбарах. Мы па-добраму зайздросьцім краінам, дзе ў людзей ёсьць права выбару. Я думаю, што праз пэўны прамежак часу Беларусь зможа добра ўзаемадзейнічаць з адміністрацыяй Буша і працаваць на дабрабыт мільёнаў людзей. Гэта на сёньняшні дзень не выкарыстоўваецца, і вельмі шкада. Калі будуць зьмены да дэмакратыі, мы можам выкарыстоўваць супрацоўніцтва з ЗША”.

Былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі станоўча ацэньвае перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША Джорджа Буша:

(Казлоўскі: ) “У ЗША выбары прэзыдэнта — Буш, Кэры, ці нехта другі — звычайна не нясуць вялікіх зьменаў у іхнай палітыцы. Маглі б быць зьмены ў зьнешняй палітыцы. Тое, што застаўся Буш, я думаю, для Беларусі гэта добра. Незадоўга да выбараў ён падпісаў “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”. І думаю, гэта пастаянная палітыка — каб у Беларусі будавалася дэмакратычная нармальная дзяржава, гэта добра”.

А старшыня Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук прызнаўся, што даўно сымпатызуе Джорджу Бушу:

(Ярашук: ) “Мне падавалася, што прэзыдэнт Буш больш шчыры й адкрыты чалавек, і таму я больш яму сымпатызаваў. І, як мне падаецца, гэтая рыса характару, магчыма, таксама была больш прывабная і для амэрыканцаў. Напярэдадні выбараў прэзыдэнт падпісаў таксама “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”. Напэўна палітыка, якую будзе ажыцьцяўляць гэтая краіна ў дачыненьні да Беларусі, будзе ў рэчышчы менавіта гэтага акту”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG