Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаўся закрыты працэс над былым старшынём БТ Ягорам Рыбаковым


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Вярхоўным судзе Беларусі пачаўся працэс над былым старшынём Белдзяржтэлерадыёкампаніі Ягорам Рыбаковым. На просьбу сьведкаў у справе Рыбакова працэс закрыты, але шмат хто ў Беларусі лічыць, што насамрэч улады баяцца агалоскі зьвестак, якія могуць скампрамэтаваць уплывовых асобаў, што застаюцца на сваіх пасадах.

Шэрая брама з грукатам расчынілася, прапускаючы міліцэйскі аўтамабіль. У ім у Вярхоўны суд Беларусі прывезьлі на суд Ягора Рыбакова, былога старшыню Белдзяржтэлерадыёкампаніі. Аднак гэтая карцінка не патрапіць у сёньняшнія навіны беларускіх тэлеканалаў, якімі кіраваў Ягор Рыбакоў. Побач з судом тэлекамэраў не было.

Працэс закрыты, журналістаў ды прадстаўнікоў грамадзкасьці на яго не пускаюць. У пракуратуры патлумачылі, што гэтага захацелі сьведкі. Нібыта ім пагражалі невядомыя асобы. У выніку пра працэс вядома толькі, што старшынюе на ім судзьдзя Аляксандар Райдудзін, інтарэсы абвінавачаньня прадстаўляе пракурор Алег Шандаровіч, абараняе Рыбакова адвакат Дзьмітры Гарачка.

Рыбакова абвінавачваюць у крадзяжы праз службовыя злоўжываньні й хабарніцтве. Яму пагражае да 15 гадоў турмы. Паводле пракуратуры краіны, падчас ператрусу ў ягоным доме было знойдзена больш як 500 тысяч даляраў, якія ёсьць асноўным рэчавым доказам махінацыяў былога старшыні. Але падрабязнасьці незаконных апэрацыяў трымаюць у сакрэце.

Тыя, хто працаваў на Беларускім тэлебачаньні, кажуць, што і да Рыбакова кіраўнікі зараблялі незаконныя грошы на рэкляме ды так званых “адкатах” — адлічэньнях за выгадныя кантракты. Ці працягнулася гэтая практыка ў час кіраваньня Ягора Рыбакова, меркаваць суду. А вось простым супрацоўнікам пры Рыбакове стала працаваць складаней, лічыць былы тэлежурналіст Эдуард Мельнікаў.

(Мельнікаў: ) “Рэжымны аддзел сочыць за людзьмі, як яны працуюць, куды пайшлі. Зачынілі цэлыя паверхі, дзе працуе кіраўніцтва. Там татальны кантроль”.

На думку Эдуарда Мельнікава, яшчэ больш закрытае беларускае тэлебачаньне ад грамадзтва, і гэта ёсьць асноўнай прычынай карупцыі сярод яго кіраўнікоў.

Год таму былая тэлевядучая Элеанора Язерская патрапіла ў шпіталь пасьля таго, як менскі суд прысудзіў ёй шматмільённыя выплаты Ягору Рыбакову. Суд вырашыў, што беларуская тэлезорка зьняважыла старшыню тэлекампаніі ў публічным выказваньні адносна справаў на тэлебачаньні. Сёньня Элеанора Язерская прыйшла да будынку Вярхоўнага суду ў надзеі патрапіць на працэс. Тое, што ён закрыты, Элеанора Язерская ўспрымае як пэўны доказ сваіх падазрэньняў.

(Язерская: ) “Камусьці, відаць, хочацца, камусьці трэба, каб не называлася гучна ягонае прозьвішча. Таму, хто дапамагаў Рыбакову праварочваць гэтыя справы”.

Прэсавая служба Вярхоўнага суду пакуль ніякіх зьвестак адносна працэсу не падае. Невядома нават, ці прызнае сябе Рыбакоў вінаватым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG